Спарткомплекс "Раўбічы" працягвае рыхтавацца да зімовага сезона

3 декабря 2018

Спартыўныя комплексы нашай краіны працягваюць рыхтавацца да зімовага сезона. Як толькі тэмпературны мінус дасягнуў патрэбнай адзнакі, актыўна запасацца снегам пачалі ў Раўбічах. У юбілейны, 45-ы год, спарткомплекс будзе дамашняй пляцоўкай для многіх буйных міжнародных стартаў. Алена Гарэльчык заехала ў Раўбічы і пераканалася: нават у выхадныя тут важная кожная хвіліна.

Насыпай, загружай, вязі. Усё ў рэжыме нон-стоп. Так у Раўбічах праходзіць нават нядзеля. Удалечыні ад стадыёна тры снегаўшчыльняльныя машыны працуюць над стварэннем амаль двухкіламетровай трасы.

Снежныя гарматы (а іх у Раўбічах шэсць) працуюць сёння кругласутачна, бо пакуль на вуліцы мінус нельга страчваць ні секунды. Той выпадак, калі праца ў мінус выключна ў плюс. Забіраючы ваду, машыны генеруюць снег. Хаця назваць гэта снегам у звыклым для нас разуменні будзе няправільна. Сапраўдны - ён мяккі і пухнаты, тэхнічны (менавіта такі выпрацоўваюць снегагенератары) калючы і цвёрды.

Спрынтарскі кіламетровы круг ужо выпрабоўваюць біятланісты. Да вечара панядзелка практычна гатовыя і 1 800 метраў. Сёння можна сказаць: палова работы па стварэнні трас да чэмпіянату Еўропы выкананая. Нарыхтаванага снегу пакуль хапае. Але з надыходам мінусу ўсё пачнецца зноў, каб быць гатовымі да любой форс-мажорнай сітуацыі, якую напрыканцы каляндарнай зімы можа паднесці прырода.

Час ікс для Раўбіч - гэта другая палова лютага. Усё пачнецца 18 чысла, калі на беларускую лыжню выйдуць легенды біятлона.

Гэта адбудзецца ў дзень адкрыцця чэмпіянату Еўропы. Ужо 20 чысла тут жа стартуюць першыя гонкі кантынентальнага турніру - супермікст і змяшаная эстафета. Біятланісты будуць разыгрываць медалі да 24 лютага. Па два камплекты на дзень. А вось 23 лютага ім прыйдзецца падзяліць увагу з фрыстайлістамі. У гэты дзень увечары на схіле лыжныя акрабаты паспрачаюцца за ўзнагароды перадапошняга ў сезоне этапа Кубка свету.