Спартыўны фестываль "Паўночныя сабакі" прайшоў у Лагойскім раёне

30 января 2016

Снежныя трасы і надзейныя сябры ў запрэжцы. Спартыўны фестываль па ездавым спорце "Паўночныя сабакі" прайшоў у Лагойскім раёне. У спаборніцтвах удзельнічалі больш як 30 касматых спрынтараў. Паганятыя і іх гадаванцы дэманстравалі працу суладнай каманды ў некалькіх дысцыплінах.

Як правільна выехаць на сябрах, - зараз ведае і Наталля Кузьміцкая. Верныя спадарожнікі першаадкрывальнікаў і падарожнікаў. У лютыя маразы гэтыя сабакі пройдуць там, дзе не змогуць коні і алені. Упершыню гонкі на сабачых запрэжках былі праведзены ў 1850 годзе ў Паўночнай Амерыцы. Гэтыя цягавітыя сабакі пакарылі абодва полюсы Зямлі.

Папулярнасць ездавога спорту ў Беларусь прыйшла разам з чацвераногімі паўночных парод хаскі, самаедамі і маламутамі. У 2011 годзе захопленыя і актыўныя людзі, аб'яднаныя любоўю да спорту і сваіх гадаванцаў, стварылі першы ў Беларусі клуб ездавых сабак.

У каляндар спартыўных мерапрыемстваў сёлета дадаўся і фестываль "Паўночныя сабакі". Сярод удзельнікаў, мабыць, самыя шматлікія прадстаўнікі - каманды Украіны. У складзе сабачай дэлегацыі 16 хвастатых спартсменаў з Кіева і Харкава.

За касматымі лапамі ўжо не адзін кіламетр дыстанцый. Але яны па-ранейшаму нервуюцца на старце. Дух саперніцтва ў гэтых жывёлін - у крыві.

Сабака тут чалавеку і сябар, і напарнік, яны з ім у адной запрэжцы. Ездавыя сабакі нястомныя і энергічныя, таго ж патрабуюць і ад гаспадара.

І хоць сваю задачу яны выдатна ведаюць, вынікі гонкі шмат у чым залежаць ад каюра: паганяты павінен правільна расставіць жывёлін у запрэжцы і своечасова аддаваць каманды. Для Ветрыка, Адмірала, Кубіка і Алісы гэта першыя прафесійныя спаборніцтвы, але, дзякуючы штотыднёвым трэніроўкам, Раман Мельнічэнка ўпэўнены ў сваіх гадаванцах.

У спаборніцтвах удзельнічалі 16 запрэжак. Па 2 і 4 сабакі. Нароўні са сваімі супляменнікамі снежныя дыстанцыі пакаралі і не ездавыя сабакі: метысы і адзіныя ў Беларусі прадстаўнікі пароды басерон, французскія аўчаркі.