Спартыўныя навіны ў рубрыцы "Матчбол"

24 мая 2021

Валейбол вяртаецца на "Чыжоўка-Арэну". Уваход на матчы Еўралігі для гледачоў будзе вольны. Мужчынская зборная Беларусі прыме мацнейшыя каманды Турцыі, Чэхіі і Партугаліі.

Тым часам у Гомелі БАТЭ і "Іслач" разыгралі другі ў сезоне нацыянальны трафей - Кубак краіны. Вынікі матча і ўсе эмоцыі - у рубрыцы "Матчбол". Расказвае Андрэй Казлоў.

Шмат спорту будзе на гэтым тыдні, аднак па традыцыі ў рубрыцы "Матчбол" падводзім вынікі ў беларускім спорце, падзеі ў якім адбыліся напярэдадні. Відавочна, шмат яскравых эмоцый убачылі балельшчыкі ў Гомелі, дзе прайшоў фінал Кубка Беларусі па футболе.

Гэта была сустрэча двух клубаў, якія прадстаўляюць Мінскі рэгіён, і якім неабходна была перамога. Для галоўнага трэнера БАТЭ Віталя Жукоўскага поспех у паядынку за кубак надаў бы эмацыянальны імпульс для далейшай працы ў Барысаве. А вось "Іслач" - праект малады, але амбіцыйны - таксама жадала ўзяць першы ў сваёй гісторы трафей. Але клас БАТЭ аказаўся галоўным фактарам перамогі.

Галы ў сустрэчы былі забіты на любы густ. Станіслаў Драгун з БАТЭ на дабіванні лік адкрыў. Паўабаронца "Іслачы" Дзмітрый Камароўскі прыгожа ўдарам са штрафнога зрабіў яго роўным, 1:1. А пераможны гол забіў былы гулец "Іслачы", а зараз абаронца БАТЭ Павел Рыбак. Кубак застаецца ў Барысаве.

Тым часам на пачатку мая нацыянальная зборная Беларусі па біятлоне пачала рыхтавацца да алімпійскага сезона на сваёй хатняй спартыўнай базе ў Раўбічах. У параўнанні з мінулым сезонам усе свае пазіцыі ў складзе зборнай захавалі. Шэсць хлопцаў і пяць дзяўчат працягнуць рыхтавацца да Кубка свету і Алімпіяды ў Пекіне. Зборы ў Раўбічах будуць змяняцца зборамі за мяжой у высокай гарыстай мясцовасці.

Зборныя Беларусі па валейболе, як мужчынская, так і жаночая, працягнуць выступленне на міжнародным узроўні на гэтым тыдні. Спачатку ў аматараў валейбола будзе магчымасць пабачыць мужчынскую каманду ў паядынках залатой Еўралігі на пляцоўцы "Чыжоўка-Арэны". А праз тыдзень у рамках хатняга этапу Еўралігі згуляюць і дзяўчаты. Нагадаем, што абедзве каманды забяспечылі сабе месца на чэмпіянаце Еўропы.

Трансляцыі валейбола будзе весці тэлеканал "Беларусь 5", таму абавязкова сачыце за праграмай тэлеперадач. Але спортам, гэта дэвіз рубрыкі "Матчбол", перш за ўсё лепш займацца, а не толькі глядзець па тэлевізары. Рубрыка "Матчбол" будзе ў эфіры праз тыдзень.