Сумясціць конны спорт і зімовыя забавы дазваляе ск'ёрынг

28 января 2016

Сумясціць конны спорт і зімовыя забавы дазваляе так званы,ск'ёрынг – катанне за канём на лыжах, сноўбордзе або цюбінгах па снежнай раўніне. Гэтая незвычайная зімняя забава набірае папулярнасць у сталіцы. Ск'ёрынг можна назваць зімовай альтэрнатывай водным лыжам, бо тэхніка катання ў іх вельмі падобная. Такая забава не патрабуе спецыяльнай падрыхтоўкі: пачаткоўцы з дапамогай ск'ёрынгу могуць асвойваць тэхнічныя прыёмы, а вопытныя лыжнікі ці сноўбардзісты - рыхтавацца да экстрэмальных спускаў. Падчас заезду спартсмен можа развіваць хуткасць да 50 кіламетраў за гадзіну.

Дзмітрый Раманоўскі, аматар ск'ёрынгу: "Такая язда больш рыхтуе да фрырайду. Таму што калі катаешся ў гарах па глыбокім снезе, там трохі іншая тэхніка, і дакладна такая ж тэхніка, калі катаешся за канём альбо аўтамабілем".

Асвойваць ск'ёрынг можна амаль што ў любым узросце. Такія заняткі дазваляюць палепшыць каардынацыю і агульны стан здароўя.