Адбылося ўрачыстае адкрыццё XV Каляднага міжнароднага турніру аматараў хакея

3 января 2019

Галоўнае спартыўнае свята пачатку года набірае абароты прама ў гэтыя хвіліны. Зусім нядаўна адбылося ўрачыстае адкрыццё XV Каляднага міжнароднага турніру аматараў хакея.

Ужо традыцыйна першыя студзеньскія дні праходзяць у нашай краіне пад знакам здаровага ладу жыцця і яркіх спаборніцтваў. Аляксандр Лукашэнка цёпла прывітаў усіх удзельнікаў Каляднага турніру і павіншаваў з пачаткам новага спартыўнага года. Як і некалькі апошніх гадоў, гэтыя спаборніцтвы прымае комплекс "Чыжоўка-Арэна", дзе адразу на дзвюх пляцоўках у найбліжэйшыя дні гледачоў чакаюць па-сапраўднаму гарачыя спартыўныя баталіі. Гэтым разам за запаветны кубак пераможца будуць змагацца 12 каманд, у тым ліку і самая тытулаваная дружына - каманда Прэзідэнта Беларусі. Большасць гасцей ужо добра знаёма нашаму гледачу. Гэта зборныя Германіі, Кітая, Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў, Расіі, Славакіі, Фінляндыі, Чэхіі і Швейцарыі. Таксама на лёд выйдзе аб'яднаная каманда балканскіх дзяржаў, у складзе якой адразу 9 краін. Удзельнікі з Латвіі, Літвы і Эстоніі сабралі зборную Балтыі, гэта адзін з яркіх прыкладаў спартыўнай дыпламатыі. Сёння каманда Прэзідэнта Беларусі ў сваім першым паядынку змагаецца са зборнай Міжнароднай федэрацыі хакея. Да таго як ветэраны і аматары гэтага віду спорту скрыжавалі клюшкі, адбылася ўрачыстая цырымонія адкрыцця турніру.

У гэтыя хвіліны на вялікай пляцоўцы "Чыжоўка-Арэны" праходзіць першы матч для беларускай дружыны. Нагадаем, каманда Прэзідэнта 11 разоў станавілася ўладальнікам трафея Каляднага турніру, балельшчыкі, вядома, чакаюць новых перамог. Але асабліва -   яркіх момантаў і эмоцый. Матчы, якія адбыліся сёння днём, яшчэ раз паказалі, што гэтыя спаборніцтвы заўсёды атрымліваюцца вельмі маляўнічымі і вылучаюцца вялікай колькасцю закінутых шайб. Так, хакеісты Славакіі стартавалі на турніры з перамогі над Швейцарыяй. А каманда Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў была больш моцнай, чым зборная Балкан. Падрабязнасці гульняў і атмасфера турніру сёння ў рэпартажы "Панарамы".