Спаборніцтвы па парусным спорце праходзяць пад Мінскам

30 июля 2020
Пакарыць энергію ветру і стаць першым! Юныя яхтсмены з усёй краіны на гэтым тыдні спаборнічаюць на Заслаўскім вадасховішчы. Цэнтр паруснага спорту стаў і пляцоўкай для спаборніцтваў. Сёння  самыя адказныя старты ў класе "аптыміст". З гэтай яхты, як правіла, дзеці пачынаюць знаёмства з парусным спортам. На старты адправілася і Аляксандра Кавеліч.

Па гэтых краявідах адразу і не скажаш, што кадры зроблены ўсяго за некалькі кіламетраў ад сталіцы. Акваторыя Мінскага мора часова ператварылася ў спаборніцкую пляцоўку для прадстаўнікоў паруснага спорту. Сёння на старце  самыя юныя яхтсмены. 

Менавіта ад умоў надвор'я ў многім і залежаць вынікі гонкі. Спартсменам неабходна правільна выбраць маршрут з улікам напрамку і сілы ветру. І нават высокая хуткасць не заўсёды ключ да перамогі. 

На вадзе адразу 10 удзельнікаў. Сярод іх  і Іван Еўлашэвіч. Спачатку шасцікласнік захапіўся скачкамі ў ваду, але вырашыў змяніць спартыўны напрамак. Цяпер ставіць амбіцыёзныя мэты ў новым хобі.

Дарэчы, сейлінг у Мінскай вобласці набывае ўсё большую папулярнасць. І гэта тычыцца не толькі прафесійнага захаплення. Асвоіць тонкасці марскога спорту можна незалежна ад ўзросту. У цэнтры паруснага спорту, што пад Мінскам, праводзяць курсы для будучых яхтсменаў.