"Снежны снайпер" трэці год запар праходзіць у Раўбічах

10 февраля 2019

Біятлоннае жыццё сапраўды бурліць у Раўбічах. Трэці год запар тут праходзіць фінал рэспубліканскіх спаборніцтваў на прызы Прэзідэнцкага спартыўнага клуба "Снежны снайпер". Гэта турнір, які ўжо даў пуцёўку ў вялікі спорт многім школьнікам. Але для гэтага ім прыйшлося прайсці праз сур'ёзны адбор. Па выніках толькі мінулага года паўсотні ўдзельнікаў "Снежнага снайпера" былі адабраныя і пратэсціраваныя, а чацвёра з іх сёння залічаныя ў спецыялізаваныя біятлонныя школы. Бо не варта забывацца, "Снежны снайпер" - спаборніцтвы выключна для аматараў. Сюжэт - сапраўды ў цэль ад Алены Гарэльчык! 

Ад лыжных гонак і кулявой стральбы да паўнацэннага біятлона ў беларускай Мецы гэтага віду спорту. Сёння "Снежнаму снайперу" - 13. За сваю гісторыю турнір дапамог адшукаць не аднаго таленавітага спартсмена. Але, што не менш важна, паставіў на лыжы дзясяткі тысяч беларускіх школьнікаў. Сёння "Снежны снайпер" адкрывае вялікі біятлонны марафон, працягам якога стане "Гонка легенд" і чэмпіянат Еўропы. 

168 школьнікаў з усёй Беларусі - ад 11 да 16 гадоў - гэта тры ўзроставыя катэгорыі. Мінуў шматступеньчаты адбор - спачатку сярод сваіх жа аднакласнікаў, пасля раён і вобласць. Нарэшце, рэспубліканскі фінал. Яны сабраліся ў Раўбічах за тыдзень да старту спаборніцтваў, як у сапраўдных спартсменаў, сур'ёзнаму турніру папярэднічаў трэніровачны збор. У гэтым выпадку - з прыстаўкай “навучальны”. Многія хлопчыкі і дзяўчынкі ўпершыню ў сваім жыцці стралялі з самых сапраўдных прафесійных біятлонных вінтовак. 

Дзіўна, але факт - большасць удзельнікаў "Снежнага снайпера" - дзеці нават не з абласных цэнтраў, а так званай глыбінкі. 

Спрынт і змяшаная эстафета - дысцыпліны "Снежнага снайпера". Каб трапіць у другую, патрэбна перамога ў першай. На дыстанцыі дзеці без зброі, нагадаем, спаборніцтвы - аматарскія. Галоўная ўмова: яго ўдзельнікі - звычайныя школьнікі, якія ніколі раней біятлонам прафесійна не займаліся. Вінтоўкі чакалі на агнявых рубяжах, дзеці стралялі лежачы. 

Да дзіцячых спаборніцтваў - сур'ёзны падыход. Прамыя ўключэнні ў  выпусках навін  "Беларусь 1", дзясяткі пішучых карэспандэнтаў і фатографаў, здымачныя групы ўсіх тэлеканалаў краіны. Ад балельшчыкаў на трыбунах не ўтаіўся ніводны стрэл - карцінка са стрэльбішча і з лыжні тут жа на вялікім маніторы. 

Каб "Снежны снайпер" убачылі не толькі ў Раўбічах, але і ў любым пункце не тое што Беларусі, нават свету - прамая трансляцыя ў Інтэрнэце ў рэжыме нон-стоп. У перапынках паміж гонкамі - праца выязной студыі. 

Нягледзячы на прыстаўку “аматарскія”, гэта ўсё ж спаборніцтвы. Вялікую долю ўзнагарод па выніках двух дзён сабралі школьнікі са сталічнай каманды - дзеці з Мінска павезлі з Раўбіч 6 залатых, 2 сярэбраныя і 4 бронзавыя медалі. 

Некаторыя трапілі на карандаш трэнерам, якія ўважліва сачылі за барацьбой на дыстанцыях. Па частцы ж эмоцый выйграў кожны, і кожны прызнаўся, што зробіць усё магчымае, каб і ў наступным годзе апынуцца сярод фіналістаў. 

І каму, як не ёй - чатырохразовай алімпійскай чэмпіёнцы Дар'і Домрачавай - уручаць тыя самыя кубкі пераможцаў. Падарункі ад Прэзідэнцкага спартыўнага клуба, на чые прызы ўласна і праводзіцца турнір. Лепшым школьнікам-біятланістам Дар'я падрыхтавала і свой сюрпрыз - элементы спартыўнай экіпіроўкі. Фота на памяць, Домрачава прызналася - сярод дзяцей яна ўбачыла нямала знаёмых твараў, бо на "Снежны снайпер" легенда сусветнага біятлона прыязджае часта і прыязджае з радасцю. 

Свае медалі пераможцы і прызёры атрымаюць 18 лютага падчас "Гонкі легенд", больш за тое, дзеці атрымалі прыярытэтнае права пагутарыць са знакамітымі біятланістамі, а ўсе ўдзельнікі турніру запрошаныя ў якасці гледачоў. "Снежныя снайперы" яшчэ доўга не адпускалі алімпійскую чэмпіёнку - Дар'я дарыла ўсмешку, усяляючы надзею - у кожнага ўсё атрымаецца. Галоўнае, сапраўды захацець і паверыць у свае сілы.