Сімвал II Еўрапейскіх гульняў упершыню за час маршруту спусцілі на ваду

13 мая 2019

Грандыёзнае і ганаровае падарожжа па Беларусі  працягвае "Полымя міру".

Напярэдадні адбылася ўрачыстая цырымонія сустрэчы эстафеты на мяжы ў Брэсце, а некалькі гадзін таму сімвалічны агонь II Еўрапейскіх гульняў  упершыню за ўвесь час маршруту спусцілі на ваду. Ганаровая місія правезці запалены факел па Брэсцкім вяслярным канале на байдарцы дасталася чатырохразоваму чэмпіёну Еўропы, удзельніку Алімпійскіх гульняў у Лондане вясляру Алегу Юрэню. Спартсмен таксама возьме ўдзел у гэтых спаборніцтвах і рыхтуецца прадставіць краіну найлепшым чынам.

Сёння факел-сімвал правезлі на кані, таксама "Полымя міру" паспела пабываць у цэхах адзінага ў Беларусі прадпрыемства па вытворчасці электрагазавых пліт. Бурнымі авацыямі ўдзельнікаў эстафеты сустрэлі студэнты і выкладчыкі дзвюх ВНУ тысячагадовага горада, сярод якіх нямала валанцёраў, што будуць працаваць падчас Гульняў. Дарэчы, толькі ў Брэсцкай вобласці за шэсць дзён у эстафеце "Полымя міру" возьмуць удзел каля 50 спартсменаў, артыстаў, грамадскіх дзеячаў. А на самім мультыспартыўным форуме рэгіён прадставяць больш за 20 спартсменаў у 9 відах спорту.