Наймацнейшыя грацыі Еўропы пачнуць барацьбу за медалі чэмпіянату Старога Свету

1 мая 2015

Прывітанне ўдзельнікам і гасцям накіраваў Прэзідэнт Беларусі, Прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта Аляксандр Лукашэнка. "У Мінску вялікае спартыўнае свята - чэмпіянат Еўропы па мастацкай гімнастыцы, які сабраў самых лепшых прадстаўніц гэтага грацыёзнага віду спорту. Правядзенне ў нас турніру такога ўзроўню - гэта яшчэ адно сведчанне аўтарытэту айчыннай школы мастацкай гімнастыкі, багатай на зорныя імёны і перамогі", - гаворыцца ў прывітанні.

Першыя ўдзельніцы спаборніцтваў выйдуць на дыван "Мінск-Арэны" ўжо менш чым праз гадзіну. Ганаровыя госці турніру ўжо паспелі ацаніць арганізацыю форуму. Чарга за спартсменкамі.

Падрабязнасці ў Алены Гарэльчык. Больш як 200 гімнастак, столькі ж трэнераў, паўсотні суддзяў. 37 краін Еўропы - гэта геаграфія турніру, які аб'яднаў усіх прыхільнікаў мастацкай гімнастыкі. Расказваць і паказваць, як у нялёгкай барацьбе перамагаюць самыя далікатныя і вытанчаныя будуць больш як 100 журналістаў. Дапамагаюць зрабіць чэмпіянат Еўропы незабыўным каманда са 100 валанцёраў.

Напярэдадні гімнасткі правялі кантрольныя трэніроўкі на "Мінск-Арэне". На ўсё пра ўсё ў кожнай каманды было 20 хвілін. Калі ў праграме турніру першы спаборніцкі дзень - гэта пятніца, то для саміх спартовак чэмпіянат Еўропы пачаўся яшчэ некалькі дзён таму.

Беларуская юніёрская зборная на жараб'ёўцы атрымала другі нумар. Для гэтых дзяўчат, за плечамі якіх не так шмат вопыту выступлення на міжнародных турнірах, як паветра, неабходная падтрымка балельшчыкаў. Зрэшты, як і для ўсіх гімнастак. Разам з групавічкамі сёння барацьбу за медалі пачнуць і ўдзельніцы спаборніцтваў за асабістае першынство. Спартсменкі выступяць у двух відах - практыкаванні з мячом і абручом. У камандным турніры нашу краіну прадставяць Меліціна Станюта і Кацярына Галкіна.