Шосты медаль у скарбонцы і першае золата зборнай Беларусі на зімовай Паралімпіядзе

12 марта 2018

Чэмпіёнкай стала наша Святлана Саханенка. Беларусцы не было роўных у лыжнай гонцы на 15 кіламетраў вольным стылем для атлетаў з парушэннем зроку. З перамогай нашай спартсменку павіншаваў Прэзідэнт. Аляксандр Лукашэнка выказаў упэўненасць, што поспехі Святланы стануць яркім арыенцірам для нашых спартсменаў, стымулам змагацца і дабівацца значных вынікаў на славу Беларусі. "Дзякуй за перамогу. Так трымаць!" - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Найбліжэйшую саперніцу з Украіны Аксану Шышкову наша спартсменка апярэдзіла амаль на 8 секунд. Прычым гонка не абышлася без форс-мажору. На дыстанцыі спартсменка зламала палку. Але адразу атрымала яе ад свайго лідара - гэта спартсмен, які дапамагае слабавідушчым атлетам бегчы па дыстанцыі. А праз некалькі метраў запасную палку ўжо далі трэнеры. Чэмпіёнка Паралімпіяды распавяла, што падрыхтоўка да Гульняў была сур'ёзнай. А асноўны фундамент для выніку быў закладзены падчас трэніровачных збораў у Раўбічах і Польшчы.

І сёння раніцай беларус Юрый Голуб заваяваў сваё другое серабро Пхёнчхана. Гэтым разам на дыстанцыі 20 кіламетраў. У медальным заліку з шасцю ўзнагародамі (адно золата, тры серабра і дзве бронзы) зборная Беларусі займае 9 месца. Заўтра зноў хварэем за нашых біятланістаў. Беларускія спартсмены-паралімпійцы пазмагаюцца за тры камплекты ўзнагарод.