АТН у гасцях у шасціразовага алімпійскага чэмпіёна Віталя Шчэрбы ў Лас-Вегасе

28 января 2018

Такімі беларусамі па праве ганарыцца краіна, іх дасягненні ўпісваюць Беларусь у сусветную гісторыю. І вось якраз пра аднаго з такіх спартсменаў Агенцтва тэленавін рыхтуе вялікую прэм'еру. У чацвер на "Беларусь 1" хранікальна-дакументальны фільм пра беларускага гімнаста Віталя Шчэрбу.

Здымачная група АТН пабывала ў гасцях у шасціразовага алімпійскага чэмпіёна ў Лас-Вегасе, дзе ён жыве ўжо амаль 20 гадоў. Аўтар фільма Ганна Эйсмант запэўнівае, што наш знакаміты спартсмен застаўся ўсё тым жа беларусам - гасцінным, абаяльным і сціплым, хаця пры яго дасягненнях у спорце гэта здаецца амаль нерэальным.

Зараз Віталь Шчэрба амаль закрыты ад зносінаў з прэсай, вядзе хатні лад жыцця і па-ранейшаму шмат працуе. Як праходзіць яго дзень, ён распавёў і паказаў нашай здымачнай групе. Перад прэм'ерай фільма "Непераможны. Віталь Шчэрба" мы раскрываем некаторыя моманты.

Гэты горад не спіць 24 гадзіны за суткі і з'яўляецца ўвасабленнем аднаго вялікага бясконцага свята. І ўжо сапраўды кожны амерыканец хоць раз у жыцці марыць туды трапіць і згуляць у рулетку. І, здаецца, у гэтым найбуйнейшым сусветным цэнтры забаў і ігральнага бізнесу няма месца для мернага жыцця, але мы памыляліся. Многія міфы гэтага горада развеяў Віталь Шчэрба. Ён асабіста правёў нам экскурсію па галоўнай вуліцы - Лас-Вегас Стрып і распавёў сваю гісторыю, як ён упершыню сюды трапіў і чаму спыніўся менавіта на гэтым горадзе.

Віталь паказаў нам і іншы Лас-Вегас - той, у якім амаль 2 млн жыхароў, што жывуць звычайнымі клопатамі, і дзе ён рызыкнуў пачаць свой бізнес, адкрыўшы ўласную школу гімнастыкі.

Пазнаёміў нас Шчэрба і са сваёй сям'ёй - жонкай Валянцінай, дачкой Вікай і сынам Радзівонам.

Гэта ўжо трэці па ліку дом Віталя за час яго пражывання ў ЗША. І менавіта гэты дом поўнасцю задавальняе па камфортнасці нашага героя.

Віталь Шчэрба, нягледзячы на сваю занятасць, паралельна займаючыся і школай, і дзецьмі, здолеў надаць увагу нашай здымачнай групе, прычым мы знаходзіліся побач з чэмпіёнам практычна 24 гадзіны за суткі.

Так мы даведаліся, навошта ў сваім аўтамабілі Шчэрба возіць пісталет, ці пазнаюць яго паліцэйскія на дарозе, а таксама якую каронную страву Віталь гатуе для сям'і і для сяброў. Ці цяжка было адкрыць уласную школу гімнастыкі - стаць яшчэ і бізнесменам? А таксама пра тое, праз якія выпрабаванні пасля трыумфу ў Барселоне прыйшлося прайсці знакамітаму спартсмену - здрада блізкага сябра, што абакраў яго кватэру ў Мінску. Як перажываў клінічную смерць першай жонкі за некалькі месяцаў да Гульняў у Атланце? Пра гэта Віталь Шчэрба раскажа ў нашым фільме, у якім таксама ўспаміны першага трэнера Шчэрбы, яго мамы, рэдкія фатаграфіі з асабістага архіва, гісторыя бліскучай кар'еры Шчэрбы і эксклюзіўныя кадры жыцця легендарнага спартсмена ў Лас-Вегасе.