Сёння ў Швецыі і Фінляндыі адкрыецца 77-ы чэмпіянат свету па хакеі

3 мая 2013

Зборная Беларусі пачынае прэстыжны турнір матчам супраць Чэхіі, у саставе якой 10 гульцоў з НХЛ. З улікам маладосці нашых спартсменаў, за вынік трывожна. Зрэшты, каманда  настроена рашуча. У Стакгольме працуе здымачная група сумеснага праекта Белтэлерадыёкампаніі, Прэзідэнцкага спартыўнага клуба і Федэрацыі хакея Пункт адліку.

Андрэй Іваноў  з апошнімі навінамі. 


Шведская сталіца замерла ў чаканні  вялікага хакея. Арганізатары рапартуюць аб поўнай гатоўнасці, хаця недапрацоўкі бачныя простым вокам, афіцыйныя партнёры чэмпіянату даводзяць да розуму стэнды са сваёй прадукцыяй, а трэнеры спрабуюць вызначыцца з тактыкай.


Чэхія - Беларусь. Пачынаць турнір супраць такога сур'ёзнага апанента падобна на плаванне ў басейне з акуламі. З саставам чэхаў знаёміць не трэба, шэраг гульцоў прыляцелі з НХЛ, у той час як для многіх хакеістаў Андрэя Скабелкі гэты турнір  дэбютны на такім узроўні.


Матывацыя, безумоўна, вызначальны фактар. Калі ўступаеш у майстэрстве, браць трэба жаданнем. У беларускай моладзі з гэтым праблем няма. Яшчэ адзін  матывуючы фактар - фінансавая дапамога, якую сваімі дзеяннямі могуць аказаць хакеісты дзіцячым спартыўным школам.


Усё самае цікавае са Стакгольма і Хельсінкі ў эфіры Белтэлерадыёкампаніі. Матч-адкрыццё шведскай часткі турніру Чэхія - Беларусь у 17:15 пакажа тэлеканал Беларусь 2.