Сёння ў Раўбічах прайшлі першыя гонкі юніёрскага чэмпіянату свету па біятлоне

18 февраля 2015

Стартаваў турнір дзвюма індывідуальнымі гонкамі сярод дзяўчат і юнакоў. Першымі медалі планетарнага першынства разыгралі спартсмены ва ўзросце да 19 гадоў. Залатыя медалі дасталіся ўкраінцы Ганне Крыванос і расіяніну Кірылу Стральцову. Што датычыцца беларусаў, лепшай сярод дзяўчат стала Крысціна Мазурына, якая з двума промахамі на 4 агнявых рубяжах фінішавала на 12-м месцы. Сярод юнакоў лепшым стаў Раман Шынкевіч. Ён знаходзіцца на восьмым радку пратакола.

Заўтра ў барацьбу за медалі планетарнага першынства ўступяць юніёры-біятланісты, чый узрост не перавышае 21 года. Першымі на старт індывідуальнай гонкі выйдуць юніёркі. Пачатак прамой трансляцыі на тэлеканале "Беларусь 5" у 9:50. У 13:30 прыйдзе чарга юніёраў. Усяго на турніры будзе разыграна 16 камплектаў медалёў. Акрамя індывідуальных гонак, біятланісты выступяць у спрынце, праследаванні і эстафеце.