Сёння ў праграме Кубка свету па веласпорце дзве кваліфікацыі ў камандным праследаванні

31 октября 2019
Амаль праз   два гады мінскі веладром ізноў прымае этап Кубка свету. У гэтым сезоне  ён першы ў календары. Старт сабраў наймацнейшых спартсменаў, бо на коне не толькі медалі, але і рэйтынгавыя ачкі ў алімпійскую скарбонку. Усяго велагоншчыкі за  тры дні разыграюць 17 камплектаў узнагарод і выступяць у 12 алімпійскіх дысцыплінах. Цырымонія адкрыцця этапа Кубка свету і першыя медальныя разборкі пройдуць у пятніцу, але кваліфікацыя ў двух відах праграмы стартуе ўжо сёння. 

Чым тут здзівіла беларуская заяўка, ведае Алена Гарэльчык.

Паўтары гадзіны на каманду і ні хвілінай больш. Падчас этапа Кубка свету нават трэніроўкі строга рэгламентаваныя. У дзень перад спаборніцтвамі на трэку амаль спакойна і вельмі горача. Тэмпературныя ўмовы для велагоншчыкаў, асабліва спрынтараў, не апошні залог паспяховага выступлення. Па-сапраўднаму горача ў спартыўным сэнсе тут  будзе ўжо заўтра, калі спартсмены разыграюць першыя 7 камплектаў узнагарод. 

Сёння ў праграме дзве кваліфікацыі ў камандным праследаванні. І цікавая для многіх балельшчыкаў навіна. На трэк пасля 10-гадовага перапынку вярнулася Алена Амялюсік. 

Кваліфікацыя на веладроме пачнецца сёння а 17-й гадзіне. А ўжо з пятніцы за спаборніцтвамі можна будзе сачыць і ў прамых трансляцыях на "Беларусь 5" і "Беларусь 5. Інтэрнэт".