Аналітыкі ўжо спрагназавалі вынікі Алімпіяды

2 августа 2016

Своеасаблівы тэлемост праз палову зямнога шара зусім хутка ўбачаць гледачы нашых тэлеканалаў. Да старту галоўных гульняў чатырохгоддзя застаецца літаральна некалькі дзён. Нашы карэспандэнты пакажуць і раскажуць самыя значныя і яркія моманты з алімпійскага Рыа.

А сёння ў Алімпійскай вёсцы быў падняты флаг Беларусі. Дарэчы, таксама стала вядома, што беларускі флаг на цырымоніі адкрыцця Гульняў будзе несці велагоншчык Васіль Кірыенка. МАК папрасіў беларусаў замяніць Сяргея Мартынава, паколькі стралок не выступіць на Алімпіядзе. 

Аналітыкі ўжо спрагназавалі вынікі Алімпіяды. Паводле разлікаў спецыялістаў банка "Голдман Сакс", лідарамі агульнакаманднага заліку стануць ЗША, следам у рэйтынгу ідуць Кітай, Вялікабрытанія і Расія. Беларусь, паводле прагнозу, зойме 31 месца. Нашай краіне прадказваюць 12 медалёў, у тым ліку два залатыя. Падобныя алімпійскія рэйтынгі "Голдман Сакс" складае перад кожнымі Гульнямі. Нагадаем, на Алімпіядзе ў Рыа будзе разыграная рэкордная колькасць камплектаў медалёў - 306. Таксама чакаецца ўдзел рэкорднага ліку краін - больш як 200.

Тым часам Бразілія рыхтуецца да цырымоніі адкрыцця Гульняў. Стала вядома, што з-за складанай фінансавай сітуацыі ў краіне цырымонія будзе сціплай, але сучаснай і стыльнай - заявілі арганізатары шоу. Прыкладны бюджэт - 20 мільёнаў долараў. Для параўнання: Лондан у 2012 годзе выдаткаваў на сваё шоу 42 мільёны.