Футбольныя балельшчыкі ў чаканні фінальнага матча 30-га розыгрышу Кубка Беларусі

23 мая 2021

Барацьбу за трафей на полі гомельскага стадыёна "Цэнтральны" сёння павядуць цяперашні ўладальнік Кубка краіны барысаўскі БАТЭ і "Іслач" з Мінскага раёна. Паядынак у прамым эфіры пакажа тэлеканал "Беларусь 5". Пачатак у 19:00.

У Гомелі працуе здымачная група і наш спартыўны аглядальнік Андрэй Казлоў. Андрэй, чакаем усе падрабязнасці ад Вас.

У Гомелі гэтым вечарам на стадыёне "Цэнтральны" барысаўскі БАТЭ і "Іслач", якая прадстаўляе Мінскі раён, разыграюць другі ў сезоне нацыянальны трафей - Кубак Беларусі па футболе.

Яшчэ адна прыгожая падстава для паядынку ў Гомелі - гэты працяг святкавання 110-годдзя беларускага футбола, бо менавіта ў гэтым горадзе ў 1911 годзе адбыўся першы згаданы ў прэсе матч на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Шматлікія дэталі таго паядынку напэўна назаўжды прапалі ў гісторыі, аднак захаваўся здымак, дзякуючы якому ўзнавілі камплект той гульнявой формы - рэканструкцыя першага паядынку пройдзе перад матчам за Кубак Беларусі.

Віталь Жукоўскі выведзе БАТЭ супраць "Іслачы"

Удвая асаблівым паядынак стане для галоўнага трэнера БАТЭ Віталя Жукоўскага, які да працы ў Барысаве менавіта з "Іслаччу" прайшоў вялікі шлях ад аматарскага статусу да моцнага серадняка Вышэйшай лігі. І перад стартам гэтага сезона ўзначаліў БАТЭ. Аднак і для "Іслачы" матч мае вялізную каштоўнасць - малады клуб як ніколі блізка падабраўся да матча за трафей.

"Беларусь 5" пакажа фінал Кубка Беларусі ў прамым эфіры

Тут гасцявалі зборная Францыі і "Ліверпуль" з самім Стывенам Джэрардам. Да ўвядзення ў строй "Барысаў-Арэны" стадыён у Гомелі быў адзіным, які захоўваў у сабе сапраўдны футбольны антураж. Яшчэ адной прыгожай старонкай у гісторыі арэны "Цэнтральны" стане матч за Кубак Беларусі.

Тэлеканал "Беларусь 5" рыхтуе насычаную праграму вячэрняга вяшчання для тых прыхільнікаў футбола, якія на стадыён трапіць не змогуць. У 18:40 - прэв'ю сустрэчы паміж БАТЭ і "Іслаччу". А са стартавым свістком, гэта ў 19:00, трансляцыя матча, у якім адзін з клубаў падніме над галавой запаветны трафей.