Сёння трэнеры зборных агучылі склады каманд на спрынтарскія гонкі

22 февраля 2019

Мы працягваем сачыць за спартыўнымі баталіямі на чэмпіянаце Еўропы па біятлоне. Ён праходзіць у гэтыя дні ў Раўбічах. Сёння трэнеры зборных агучылі склады каманд на спрынтарскія гонкі. Заўтра ў нашай камандзе сярод мужчын першым на дыстанцыю адправіцца Антон Смольскі. Далей у барацьбу ўступяць Уладзімір Чапелін, Раман Ялётнаў, Сяргей Бачарнікаў, Максім Варабей і Мікіта Лабастаў.

Сярод жанчын нашу краіну прадставяць Дзінара Алімбекава, Ірына Крыўко, Ганна Сола, Алена і Ірына Кручынкіны, а таксама Дар'я Юркевіч. Пакуль у скарбонцы беларускай каманды 2 бронзавыя медалі і 7 агульнакаманднае месца. Пасля двух спаборніцкіх дзён у Раўбічах і чатырох разыграных камплектаў узнагарод на кантынентальным форуме сёння быў дзень адпачынку і трэніровак. 

Такім чынам, заўтра спрынтарскія гонкі пачнуцца ў 11 і 14 гадзін. Дарэчы, балельшчыкам, якія прыедуць у спарткомплекс, прыйдзецца разрывацца паміж двума відамі спорту. Акрамя чэмпіянату Еўропы па біятлоне, у Раўбічах пройдзе і этап Кубка свету па фрыстайле. Гэтыя спаборніцтвы - перадапошнія ў календары ў лыжных акрабатаў, таму склад прадстаўнічы. Больш як 60 спартсменаў з 12 краін. Сярод іх і новаспечаная чэмпіёнка свету - наша Аляксандра Раманоўская. Яна мае нядрэнныя шанцы прадоўжыць сваю пераможную серыю. Пасля золата планетарнага форуму яна выйграла медаль вышэйшай вартасці на этапе Кубка свету ў Маскве.

Кваліфікацыя этапу Кубка свету па фрыстайле стартуе ў 14:25. Фіналы пачнуцца ў 7 гадзін вечара. Нагадаем, прамыя трансляцыі і біятлона, і фрыстайла вядзе тэлеканал "Беларусь 5".