Сёння адбудзецца цырымонія адкрыцця юніёрскага чэмпіянату свету па біятлоне

17 февраля 2015

16 гонак і больш як 400 удзельнікаў. Заўтра ў Раўбічах стартуе юніёрскі чэмпіянат свету па біятлоне. У Беларусь прыехалі лепшыя маладыя спартсмены з усёй планеты. На сёння запланаваныя першыя афіцыйныя трэніроўкі, а ўвечар у Мінску на Плошчы герба і флага адбудзецца цырымонія адкрыцця чэмпіянату. Падрабязней - Павел Капуцкі.

Роўна ў 20 гадзін тут, на праспекце Пераможцаў, збяруцца прадстаўнікі біятлонных каманд 37-мі краін свету. Усё як на Алімпіядзе: парад удзельнікаў, выступленне артыстаў, а ў канцы - яркі феерверк. Чакаецца, што цырымонія будзе доўжыцца 40 хвілін. Зрэшты, арганізатары ўжо зараз не выключаюць, што часу спатрэбіцца крыху больш.

На адкрыцці будуць прысутнічаць далёка не ўсе ўдзельнікі чэмпіянату. Камусьці трэба адпачыць пасля сённяшніх трэніровак, іншым трэба легчы крыху раней перад заўтрашнім стартам. Дзяўчаты пабягуць індывідуальную гонку ў 10 раніцы.

Домрачава, Мякарайнен, Б'орндален, - усе цяперашнія біятлонныя зоркі праходзілі праз юніёрскі чэмпіянат свету. У Беларусь прыехалі больш як 400 маладых спартсменаў, і хтосьці з іх праз некалькі гадоў, напэўна, выйграе Вялікі крыштальны глобус або Алімпійскія гульні. Білеты на планетарны форум каштуюць ад 30-ці тысяч. Са станцыі метро "Барысаўскі тракт" да Раўбіч у дні спаборніцтваў будзе курсіраваць спецыяльны аўтобус.

Дарэчы, першай у Беларусь яшчэ ў чацвер прыляцела каманда Новай Зеландыі. Ёсць у спісе ўдзельнікаў і іншыя, зусім не біятлонныя краіны: Бразілія, Японія, Аўстралія. Ну і, вядома, флагманы віду спорту: Расія, Германія, Аўстрыя, Францыя, Чэхія.

У барацьбу за медалі сапраўды ўвяжуцца і нашы юныя біятланісты і біятланісткі. Хатні статус чэмпіянату абавязвае. Графік спаборніцтваў неверагодна шчыльны, 16 камплектаў медалёў трэба разгуляць за сем дзён. Трансляцыі ўсіх гонак будзе весці канал "Беларусь 5".