Сёння зборная Беларусі па футболе згуляе з галандцамі

7 октября 2016

Сёння ва ўсіх футбольных балельшчыкаў планы на вечар сапраўды супадаюць. Чакаем трансляцыі з Нідэрландаў. Адборачны матч да чэмпіянату свету. Можна даставаць валяр'янку - сустрэча будзе складанай. Тытулаваны сапернік, ды і ўсю групу А спецыялісты так і завуць - "групай смерці". Дарэчы, беларуская зборная сёння згуляе ў незвычайнай для выязных матчаў форме. Чаму так выйшла, даведаемся ў нашага спартыўнага аглядальніка. З Галандыі перадае Мікалай Стула.

Зборная Беларусі ў Ратэрдаме сёння выйдзе на поле ў белай форме, хоць гэта не гасцявы варыянт амуніцыі нашай каманды. Так атрымалася, што галандцы як гаспадары выбралі свой традыцыйны аранжавы варыянт. Што ж, можа, гэта і да лепшага - нагадаю, беларусы з нядаўніх пор выступаюць пад брэндам "белыя крылы". У верасні быў дэбют, і тады атрымалася здабыць ганаровую нічыю з віцэ-чэмпіёнамі Еўропы французамі. Будзем спадзявацца, што сёння беларусам удасца на "белах крылах" узляцець, гэта значыць - перасягнуць сябе.

Хоць набраць ачкі будзе цяжка, бо насупраць - іншы фаварыт нашай "групы смерці" - Нідэрланды. У Ратэрдаме вакол каманды гаспадароў вельмі нервовае становішча. Пяць апошніх хатніх матчаў прайграныя. Краіна з пераможнымі традыцыямі стамілася цярпець няўдачы нават з папраўкай на змену пакаленняў. Таму ў выпадку няўдачы галоўны трэнер "аранье" - Дані Блінд можа пазбавіцца працы.

Дарэчы, не згуляе сёння і галоўная зорка - галандзец Ар'ен Рабен па мянушцы "хрустальны". Ён траўміраваны, не будзе па траўме і іншага зорнага форварда Люка дэ Ёнга - у зборную выклікалі яго роднага брата.

Што датычыцца нашай каманды, то страты таксама ёсць. У нас відавочныя праблемы з правым флангам: Ігар Шытаў траўміраваны, Ігар Стасевіч захварэў і нават Цімафей Калачоў прыбыў у Ратэрдам з пашкоджаннем. Таму трэнерам прыйдзецца планаваць тактыку з аглядкай на гэтую акалічнасць.

І яшчэ трохі статыстыкі: у шасці афіцыйных матчах беларусы двойчы абгулялі галандцаў, але вось у гасцях не перамаглі ні разу, больш за тое, не правялі ніводнага гала. Што ж, гэта справы дзён мінулых. Пакуль у турнірнай табліцы ў беларусаў і галандцаў па адным ачку, і калі сёння "белыя крылы" набяруць ачкі, гэта будзе выдатны плацдарм для далейшых здзяйсненняў. Бо самыя складаныя сапернікі застануцца ў мінулым.

Сёння ў Ратэрдаме добрае футбольнае надвор'е. Не больш як 15 градусаў, на арэне футбольнага клуба "Феенорд" будуць і нашы балальшчыкі - іх прыбыла сюды некалькі дзясяткаў. Увогуле, тут ёсць усе атрыбуты класнага футбола.