Сёння "Полымя міру" прыбудзе ў Нясвіж

12 июня 2019

"Полымя міру" ўсё бліжэй да сталіцы ІІ Еўрапейскіх гульняў. Напярэдадні эстафету Гомельская вобласць перадала Мінскай. 

Факеланосцы сустрэліся на мяжы дзвюх абласцей, усклалі кветкі да помніка партызанам і ў суправаджэнні калоны байкераў прыбылі ў  Салігорск. У горадзе шахцёраў удзельнікі эстафеты спачатку спусціліся пад зямлю - у спелеалячэбніцу на глыбіню  430 метраў, а затым падняліся высока ў горы - на тэрыконы. Агонь пранеслі і па вуліцах горада. Сярод факеланосцаў - выхадцы Салігорска - людзі, якія сваёй працай, а таксама дасягненнямі ў спорце і творчасці  толькі ўмацоўваюць імідж горада - захавальніка солі зямлі.

Сёння "Полымя міру" прыбудзе ў Нясвіж. Агонь ІІ Еўрапейскіх гульняў пранясуць па вуліцах горада - ад Ратушнай плошчы да Палацава-паркавага комплексу.