Сёння на "Барысаў-Арэне" зборная Беларусі па футболе згуляе супраць зборнай Германіі

8 июня 2019

Гістарычны момант для беларускага футбола! Менш за гадзіну застаецца да першага ў гісторыі нашай зборнай афіцыйнага матча супраць Германіі. Паядынак пройдзе на "Барысаў-Арэне". Сапернік - адна з наймацнейшых каманд свету. Зрэшты, як запэўніў трэнер нацыянальнай каманды, беларусы пастараюцца навязаць сваю гульню. Прамую трансляцыю ў 21:20 пачне тэлеканал "Беларусь 5".

У гэтыя хвіліны ў Барысаве працуе наша здымачная група. На прамую сувязь выходзіць Павел Капуцкі (прамое ўключэнне). Калі арыентавацца на каціроўкі букмекераў, то шанцаў няшмат. Каэфіцыент на перамогу гаспадароў 1:16. Немцы - чатырохразовыя чэмпіёны свету і апошні раз перамагалі на мундыяле ўсяго пяць гадоў таму. А сумарны трансферны кошт гульцоў зборнай Германіі - 922 мільёны еўра. Амаль у 50 разоў большы, чым у беларусаў. Але ўсё не так безнадзейна. Па-першае, бундэстым няўдала выступіла на апошнім чэмпіянаце свету ў Расіі. Нават не выйшла з групы. І зараз у каманды змена пакаленняў. Па-другое, у немцаў скончыўся клубны сезон, а ў Беларусі чэмпіянат у разгары. І хаця наш трэнер Ігар Крывушэнка гэтага падчас зносін з прэсай не прызнаў, у фізіцы саступіць мы сапраўды не павінны. Па-трэцяе, у Барысаў не прыехаў галоўны трэнер Германіі Іаахім Лёў. Падчас занятку ў трэнажорнай зале яму на грудзі ўпала гантэль.

Пасля двух сакавіцкіх паражэнняў ад Нідэрландаў і Паўночнай Ірландыі Беларусь на апошнім месцы ў групе С. Германія правяла адзін паядынак. Выязная перамога над Нідэрландамі - 3:2. На чэмпіянат Еўропы трапяць дзве каманды з шасці. Шанцаў прабіцца ў фінальную стадыю праз класічную кваліфікацыю першапачаткова было няшмат.

Іншая справа Ліга нацый, дзе нашы ў наступным годзе пазмагаюцца ў паўфінале з Грузіяй. Але і сёння ёсць інтрыга. Галоўны трэнер Ігар Крывушэнка паабяцаў згаліць вусы, калі мы не саступім немцам. Футбалістам ёсць за што змагацца. Пачатак матча ў 21:45. Прамая трансляцыя з "Барысаў-Арэны" на "Беларусь 5".