Сёння біятлон у Раўбічах на паўзе. Учора, нягледзячы на мінус, там было па-сапраўднаму горача

22 февраля 2019

На рахунку беларусаў на чэмпіянаце Еўропы па біятлоне яшчэ адна бронза! Другую ўзнагароду ў змяшанай эстафеце заваявала наша чацвёрка. У Раўбічах, нягледзячы на мінус, па-сапраўднаму горача. На трыбунах - вялікая колькасць балельшчыкаў з розных краін. Надзея Сербіненка - пра спартыўную атмасферу на лыжных схілах.

Спартсмены, якія прыехалі да нас з розных краін і бачылі розныя гонкі, сцвярджаюць: у Беларусі па-сапраўднаму любяць біятлон. Бо балельшчыкі падтрымліваюць атлетаў не толькі на трыбунах, але і ўздоўж лыжных трас. Нягледзячы на дрэннае надвор'е - снег і дождж.

Адкрыты чэмпіянат Еўропы па біятлоне выклікаў сапраўдны ажыятаж сярод балельшчыкаў. Большасць фанатаў - з Расіі. Іх можна заўважыць і пачуць яшчэ здалёк.

Каб трапіць ў Раўбічы, некаторым балельшчыкам прыйшлося правесці ў дарозе некалькі сутак. Напрыклад, Аляксандр і Данія Мельнікавы прыехалі з Крайняй Поўначы, дзе калісьці на лыжы ўстала Дар'я Домрачава.

Пакуль балельшчыкі скандзіруюць крычалкі, на трыбунах біятланісты пераадольваюць кіламетры, страляюць па мішэнях і змагаюцца з надвор'ем. Снег з-за адлігі пачаў раставаць, а моцны вецер зносіў кулі. Але ўсе ў роўных умовах. І беларусам ужо двойчы ўдалося падняцца на п'едэстал.

Учора ўвечары другую бронзу заваявалі ў змяшанай эстафеце Алімбекава, Сола, Ялётнаў і Бачарнікаў.

Вось расклад бліжэйшых стартаў у Раўбічах. Дабрацца да цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі можна на шатле, які кожныя 15 хвілін адыходзіць ад метро "Барысаўскі тракт". Дарэчы, у выхадныя на суседніх схілах можна ўбачыць і лыжных акрабатаў. У суботу ў Раўбічах пройдзе этап Кубка свету па фрыстайле.

Сёння біятлон у Раўбічах на паўзе. Але ўжо заўтра, у святочны дзень для усіх мужчын, спаборніцтвы працягнуцца. У першай палове дня пройдуць спрынты сярод мужчын і жанчын. Квіткі яшчэ ёсць у продажы. Іх кошт пачынаецца ад 10 рублёў. Таму ўбачыць на свае вочы лепшых біятланістаў Еўропы яшчэ ёсць магчымасць.