Зборная Швейцарыі па тэнісе прывезла ў Мінск максімальна баявы склад

17 апреля 2017

Зборная Швейцарыі па тэнісе сёння прыляцела ў Мінск, дзе яе чакаюць матчы паўфіналу Сусветнай групы Кубка Федэрацыі супраць каманды Беларусі. Нашы сапернікі прыбылі пакуль без сусветнай зоркі Марціны Хінгіс. Яна ў беларускай сталіцы будзе ўжо заўтра. Што ж, супрацьстаянне будзе яркім і напружаным. Бо і беларускі ўстойліва трымаюць свае пазіцыі і ўпэўнена паднімаюцца ў сусветным рэйтынгу. Андрэй Казлоў працягне.

Гэтая дзяўчына ўзначальвала сусветны рэйтынг у адзіночным разрадзе і парным 20 гадоў таму. У гэтыя ж гады яна перамагала на трох турнірах Вялікага шлема - у Аўстраліі, ЗША і ў Вялікабрытаніі. Не дацягнулася хіба што да трыумфу на Roland Garros. Пачатак 21 стагоддзя ў кар'еры Марціны Хінгіс атрымаўся па розных прычынах не самым паспяховым, але ў нацыянальнай камандзе 8-ы нумар сусветнага парнага рэйтынгу па-ранейшаму ў страі.

Ужо сёння швейцарская каманда прызямлілася ў Нацыянальным аэрапорце Мінск. Пакуль без легендарнай Хінгіс - яе прыбыццё чакаецца заўтра. Тым не менш у Беларусі ўжо і Тымеа Бачынскі, і Вікторыя Голубіч і Белінда Бенчыч.

Хайнц Гюнтхарт, капітан зборнай Швейцарыі па тэнісе: "Я не лічу апошнія поспехі беларускіх тэнісістак чымсьці дзіўным. Я заўсёды ведаў, што вашы дзяўчаты - таленавітыя спартсменкі. І яны паказалі свой клас яшчэ ў папярэдніх раўндах Кубка Федэрацыі. Аляксандра Сасновіч паказала добрую гульню на турніры ў нас дома, у Біле. Але зараз спадзяёмся, што таксама паспяхова выступім мы ў вас у гасцях".

Зборная Швейцарыі па тэнісе прывезла ў Мінск максімальна баявы склад. Нашы саперніцы разлічваюць менавіта на перамогу. Але і нашы тэнісісткі на мінулым тыдні, па-першае, удала выступалі на розных турнірах, і, па-другое, падняліся ў сусветным рэйтынгу.

Аляксандра Сасновіч на статусным турніры ў Швейцарыі спынілася за крок ад фінальнага матча. Але галоўнае, што яшчэ ў другім крузе беларуска сустракалася з гаспадыняй кортаў Вікторыяй Голубіч, якая таксама прыехала ў Мінск на Кубак Федэрацыі.

Вольга Гаварцова і зусім стала лепшай у турніры ў амерыканскім Індыян Харбар Біч, абгуляўшы прадстаўніцу ЗША Аманду Анісімаву, 6-3, 4-6, 6-3.

У абноўленым сёння рэйтынгу WTA Аляксандра Сасновіч прабілася ў топ-100. Павялічылі пазіцыі ў рэйтынгу і астатнія беларускі - Арына Сабаленка, Вольга Гаварцова і Вера Лапко. Сярод нашых саперніц лепшая ў рэйтынгу Тымеа Бачынскі - яна 22-я.

Усе матчы, перамога ў якіх выводзіць у фінал Сусветнай групы, пройдуць на кортах "Чыжоўка-Арэны" 22 і 23 красавіка. Пары саперніц стануць вядомыя пасля жараб'ёўкі, якая пройдзе ў чацвер.