Зборная Швейцарыі па тэнісе прыляцела сёння ў Мінск

17 апреля 2017

Зборная Швейцарыі па тэнісе ўпэўненая ў сваёй перамозе ў паўфінале Кубка Федэрацыі супраць каманды Беларусі.  Аднак капітана Хайнца Гюнтхарта не могуць не трывожыць поспехі беларускіх тэнісістак, а менавіта Аляксандры Сасновіч і Вольгі Гаварцовай, на розных турнірах перад важным супрацьстаяннем.

Пра гэта Гюнтхарт заявіў пасля таго, як самалёт са зборнай Швейцарыі прызямліўся ў Нацыянальным аэрапорце Мінск сёння каля паўдня. Прыляцелі ўсе тэнісісткі, акрамя самай зорнай Марціны Хінгіс. Яе прыбыццё чакаецца заўтра.

Хайнц Гюнтхарт, капітан зборнай Швейцарыі па тэнісе: "Я не лічу апошнія поспехі беларускіх тэнісістак чымсьці дзіўным. Я заўсёды ведаў, што вашы дзяўчаты - таленавітыя спартсменкі. І яны паказалі свой клас яшчэ ў папярэдніх раўндах Кубка Федэрацыі. Аляксандра Сасновіч паказала добрую гульню на турніры ў нас дома, у Білі. Але зараз спадзяемся, што гэтак жа паспяхова выступім мы ў вас у гасцях".

Супрацьстаянне Беларусі і Швейцарыі ў рамках паўфіналу Кубка Федэрацыі пройдзе ў гэтыя выхадныя на кортах "Чыжоўка-Арэны". У складзе нашай каманды выступяць Вольга Гаварцова, Аляксандра Сасновіч, Арына Сабаленка і Вера Лапко.