Зборная Беларусі выйшла на першае месца ў медальным заліку на чэмпіянаце Еўропы па цяжкай атлетыцы

12 апреля 2019

Чарговая перамога беларускіх атлетаў. Дар'я Навумава заваявала золата чэмпіянату Еўропы па цяжкай атлетыцы, што праходзіць у Батумі, у вагавой катэгорыі да 76 кілаграмаў. Сярэбраны прызёр Алімпіяды-2016 удала выканала ўсе шэсць проб і па суме двух практыкаванняў стала лепшай. Яе вынік 242 кілаграмы.

З перамогай Дар'ю Навумаву павіншаваў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка. "Дарагая Дар'я! Віншую цябе з выдатным выступленнем на чэмпіянаце Еўропы па цяжкай атлетыцы. Да тваіх сярэбраных узнагарод Алімпіяды 2016 года і планетарнага першынства 2018 года зараз дадаўся залаты медаль чэмпіянату Еўропы. Гэтым высокім вынікам ты абавязана перш за ўсё свайму моцнаму характару і мэтанакіраванасці. Дзякуй за падораныя імгненні гонару за родную краіну і айчынную школу цяжкай атлетыкі", - гаворыцца ў віншаванні.

Пасля перамогі Дар'і Навумавай зборная Беларусі выйшла на першае месца ў медальным заліку. У нашай каманды пяць медалёў: два залатыя, адзін сярэбраны і два бронзавыя. Сёння чэмпіянат Еўропы прадоўжыцца. Прамая трансляцыя з Грузіі ў 17 гадзін на "Беларусь 5".