Зборная Беларусі змагаецца за выхад у плэй-оф Лігі нацый і пуцёўку на чэмпіянат Еўропы

15 ноября 2018

Ігар Крывушэнка спадзяецца, што беларускія футбалісты сёння пакажуць гульню блізкую да ідэалу. Пра гэта галоўны трэнер нацыянальнай зборнай заявіў напярэдадні матча 5-га тура групавога турніру Лігі нацый супраць Люксембурга. Каманды сёння ў 22:45 на "Беларусь 5" пазмагаюцца за плэй-оф Лігі нацый і пуцёўку на чэмпіянат Еўропы. Паядынак вельмі важны - ад яго шмат у чым залежаць перспектывы беларусаў упершыню ў гісторыі трапіць на чэмпіянат Еўропы ў 2020 годзе. З Люксембурга з падрабязнасцямі Мікалай Стула.

Галоўная каманда краіны перад галоўным матчам года. Радуе, што беларускія футбалісты ў Люксембургу аказаліся ў аптымальным складзе, прынамсі, галоўны трэнер Ігар Крывушэнка выклікаў усіх тых, каго хацеў. А апошнія дэталі да стартавага складу будуць унесены па выніках трэніроўкі, што прайшла на стадыёне "Жазі Бартэль" напярэдадні.

Беларусы трэніраваліся пры густым тумане. Ён ужо другі дзень у Люксембургу, ёсць верагоднасць што і сёння вечарам прыйдзецца глядзець футбол у такіх не самых камфортных для вока ўмовах.

Люксембург, дарэчы, на перадматчавай трэніроўцы так і не з'явіўся. Гаспадары рыхтуюцца ў сябе на базе, дзесьці далёка ад старонніх вачэй. І верагодна нешта задумваюць.

У турнірнай табліцы Люксембург пакуль наперадзе на адно ачко. І мае стратэгічную перавагу. Мяркуецца, што гаспадары будуць больш абараняцца. Прынамсі, статус фаварытаў яны загадзя аддаюць нашым.

Напрыканцы нагадаю аб выключнай важнасці матча Люксембург - Беларусь. Той, хто сёння выйграе, практычна забяспечыць сабе працяг барацьбы за ўдзел у чэмпіянаце Еўропы. Гэта самы кароткі шлях на топ-турнір. Мара, за якую варта пазмагацца і аддаць усе сілы.