Зборная Беларусі па цяжкай атлетыцы вярнулася з паспяховага чэмпіянату свету

28 сентября 2019

Мужчынская зборная Беларусі па цяжкай атлетыцы вяртаецца з чэмпіянату свету, які прайшоў у Тайландзе, з другім месцам у камандным заліку. У Нацыянальным аэрапорце Мінск некалькі гадзін назад сустракалі першага чэмпіёна свету з Беларусі за апошнія 4 гады Яўгена Ціханцова. Акрамя золата ў вазе да 102 кілаграмаў, 20-гадовы гамяльчанін заваяваў дзве малыя ўзнагароды - па сярэбраным медалі ў рыўку і ў штуршку. Яшчэ адным трыумфатарам планетарнага форуму стаў алімпійскі чэмпіён Пекіна  Андрэй Арамнаў - з серабром у вазе да 109. Таксама ўзнагароды ў абодвух практыкаваннях: другое месца ў рыўку і трэцяе ў штуршку. Пакуль менавіта гэтыя атлеты - галоўныя прэтэндэнты на адзіную ліцэнзію нашай зборнай на Гульні чатырохгоддзя ў Токіа.

Не так паспяхова ў Патаі выступілі жанчыны. З траіх беларусак лепшы вынік у Дар'і Навумавай. 4 месца ў вазе да 81 кілаграма. Менавіта яна, з вялікай доляй верагоднасці, адправіцца ў Токіа ад жаночай каманды.