Зборная Беларусі па пляжным футболе за адзін бал ад выхаду на чэмпіянат свету

25 июля 2019

Некалькі гадзін таму беларусы зноў стварылі сенсацыю ў другім раўндзе кваліфікацыі. У драматычным паядынку наша каманда ўзяла верх над дзеючым пераможцам Еўралігі - Італіяй. У канцоўцы сустрэчы апенінцы вялі 3:1, адзін мяч беларусы адыгралі за дзве хвіліны да канца асноўнага часу, а аднавілі статус-кво за дзве секунды да фінальнага свістка, пераведучы гульню ў авертайм - 3:3.

У дадатковы час зборныя забітымі мячамі не адзначыліся, а ў серыі пенальці ўсе трое нашых футбалістаў рэалізавалі свае спробы, абумовіў жа зыход супрацьстаяння сэйв Валерыя Макарэвіча. 

Нагадаем, у першым матчы кваліфікацыі зборнай Беларусі атрымалася не менш гучная сенсацыя. З лікам 3:2 былі абыграныя двухразовыя чэмпіёны свету і шматразовыя чэмпіёны Еўропы партугальцы. Свой заключны матч у кваліфікацыі да планетарнага форуму зборная Беларусі правядзе заўтра. У саперніках - каманда Польшчы. Каб гарантаваць сабе месца на чэмпіянаце свету, беларусам дастаткова перамагчы па пенальці!