Зборная Беларусі па хакеі вяртаецца ў сусветную эліту

4 мая 2019

На чэмпіянаце свету ў першым дывізіёне беларусы гарантавалі сабе як мінімум другое месца. У чацвёртым матчы камандзе Андрэя Сідарэнкі супрацьстаялі гаспадары планетарнага форуму - казахі, трэніруе якіх яго цёзка з Беларусі Скабелка. Гэта была адна з ключавых сустрэч усяго чэмпіянату. Беларусам хапіла і нічыёй у асноўны час, каб выканаць пастаўленую задачу. У авертайме мы саступілі, але на гэта ніхто ўжо не зважае. Галоўная мэта выканана. У Нур-Султане працуе наша здымачная група.

Радасць з камандай раздзяліла Крысціна Камыш. Хакей на чэмпіянаце свету, асабліва ў выхадны дзень пачынаецца задаўга да стартавага ўкідвання. У холе "Барыс-Арэны" шматлюдна. Тут і роставыя лялькі, і акрабаты на хадулях, і маскот форуму - снежны барс па імені Барсік.

Самае папулярнае месца перад матчам - фан-зона. Яе раскінулі насупраць стадыёна. Для бяспекі і зручнасці балельшчыкаў узвялі мост цераз дарогу. Канструкцыя часовая. Збіралі яе некалькі дзён. Тут жа можна і падсілкавацца - прапаноўваюць фаст-фуд і выпечку. Сярэдні чэк - каля 12 рублёў. У мясцовым кафэ беларускім балельшчыкам спадабалася адна страва. Яе назва "Аляксандр Рыгорыч". Унутры тоўчаная бульба і цыбуля фры. 10 штук пельменяў каштуюць тысячу тэнге, гэта значыць 5,5 рубля. І я як сапраўдная беларуска не магу іх не пакаштаваць. Ну што сказаць? Смачна. Як дранікі.

Сёння зборная Беларусі сустракалася з гаспадыняй форуму. У Казахстана 12 натуралізаваных гульцоў: канадцы, расіяне, амерыканец і швед, якія памянялі спартыўнае грамадзянства. Каманда згуляная на базе клуба "Барыс" з КХЛ. Да таго ж трэнерскі штаб беларускі - Андрэй Скабелка, Уладзімір Копаць і Ігар Матушкін. Зборная Літвы ў дзённым матчы перамагла каманду Паўднёвай Карэі - 2:1. Гэта гарантавала Казахстану павышэнне ў класе. А для нашай дружыны значыла наступнае - адзін бал у ачковую скарбонку даваў вяртанне ў эліту.

За першы перыяд казахі закінулі двойчы. У другой дваццаціхвілінцы хлопцы Андрэя Сідарэнкі пастаралася больш актыўна дзейнічаць у зоне саперніка. Спачатку вызначыўся Джэф Плат. А пасля другога перапынку лік зраўнаваў Мікіта Феактыстаў. Лічбы 2:2 на табло да трэцяй сірэны захаваў галкіпер Аляксандр Асіпкоў. Малады варатар прадэманстраваў фенаменальную гульню ў матчы.

У авертайме ўдача была на баку гаспадароў форуму. Хуткую атаку завяршыў Аркадзь Шастакоў. У матчы беларусы прайгралі - 2:3. Але мэта на чэмпіянаце выканана. Наша зборная праз год ізноў у эліце сусветнага хакея. Аднаўляць сілы няма калі. Ужо заўтра гульня супраць зборнай Паўднёвай Карэі.

Першымі на лёд "Барыс-Арэны" выйдуць Славенія і Літва. У 13:00 адбудзецца стартавае ўкідванне ў матчы Беларусі і Паўднёвай Карэі. Завершыць чэмпіянат свету ў першым дывізіёне паядынак Казахстана і Венгрыі. Хакейны марафон у прамым эфіры тэлеканала "Беларусь 5" з самай раніцы.