Зборная Беларусі па хакеі стартуе на чэмпіянаце свету матчам супраць шведаў

4 мая 2018

Лічаныя гадзіны застаюцца да пачатку чэмпіянату свету па хакеі ў Даніі. Беларусы сёння стартуюць матчам са шведамі. Напярэдадні наша зборная правяла першую трэніроўку на лёдзе "Раял Арэны" ў Капенгагене. Адзначым, на цяперашнім турніры істотна абнавіўся склад, а галоўны трэнер Дэйв Льюіс даў магчымасць паказаць сябе шматлікім маладым хакеістам.

Сяргей Пушкоў, трэнер зборнай Беларусі па хакеі:

"Трэба дадаць пазітыву і ўсё-такі верыць у каманду, якая прыехала гуляць за сваю краіну. Увесь час гаворым пра трывожнасць. Гаворым пра нацыянальны чэмпіянат, пра тое, што не так удала згуляла "Дынама". Нейкі негатыў. Я не разумею гэтага. Хлопцы прыехалі і будуць паказваць той хакей, і будуць біцца за сваю краіну. Таму трэба дадаць пазітыву і верыць у сваю каманду".

Усе матчы з удзелам беларускай зборнай пакажа тэлеканал "Беларусь 1". Расклад групавога этапа для нашай каманды - на вашых экранах. Супрацьстаянне Беларусь - Швецыя пачнецца ў 21:10.