Зборная Беларусі па хакеі стартавала на турніры алімпійскай кваліфікацыі

8 февраля 2013
З Даніі перадае наш карэспандэнт Ганна Эйсмант. Аднакругавы турнір - справа тонкая: складана зразумець, які з сапернікаў паднясе сюрпрыз. На старце такім прыкрым адкрыццём стала для беларусаў гульня супраць славенцаў, якія настроіліся на нашу каманду як на фаварыта турніру.
Моцнымі ў першым перыядзе беларусаў складана было назваць - на 16-й хвіліне каманда прапускае першы гол, падчас перапынку было аб чым падумаць.
Мы ўсе разумеем важнасць турніру і тое, што павінны змагацца да канца, - у адзін голас паўтаралі гульцы, і, мабыць, гэта сыграла з імі злы жарт. Залішняе хваляванне нашых хакеістаў і яркі старт славенцаў - вось чым запомніцца 1-шы перыяд. Пачатак другога перыяду і ўвогуле не абяцаў вясёлкавых перспектыў - мы прапускаем шайбу ўжо на першых хвілінах.
Але затым гульня выраўнялася, славенцы прытаміліся, і ў беларусаў з'явілася магчымасць паказаць гульню ў свой хакей. Першы ўздых аблягчэння на 29-й хвіліне - вызначыўся Кулакоў, праз хвіліну эфектным кідком адпраўляе шайбу ў вароты славенцаў Андрэй Сцяпанаў. 2:2. Здавалася, што ў 3-м перыядзе беларусы выйдуць, каб дабіць саперніка, але на 3-й хвіліне суддзя прызначае буліт у вароты Віталя Коваля - славенцы свой шанец не ўпускаюць, а нашы атрымоўваюць аплявуху ў большасці.
Аб бязладнасці ў дзеяннях і хваляванні сваёй каманды гаварыў і Андрэй Скабелка на пасляматчавай прэс-канферэнцыі, і аб тым голе, які не залічылі.