Зборная Беларусі па хакеі правяла сваю лепшую гульню на чэмпіянаце свету ў Даніі

15 мая 2018

Бразнуць дзвярыма не атрымалася, але зборная Беларусі па хакеі правяла сваю лепшую гульню на чэмпіянаце свету. Сустрэча супраць Славакіі не вырашала нічога для абедзвюх зборных. Сапернік у плэй-оф ужо не выйдзе, а нашы хакеісты яшчэ ў суботу афіцыйна адправіліся ў першы дывізіён. Пасля чэмпіянату свету нацыянальную каманду відавочна чакаюць перамены. Вынікі чэмпіянату свету для зборнай Беларусі, уражанні і чаканні будучых змен. З Капенгагена - Андрэй Казлоў.

Перад апошняй гульнёй на чэмпіянаце свету для зборнай Беларусі сустракаем легендарнага трэнера Уладзіміра Юрзінава. Ён працаваў са шматлікімі беларускімі хакеістамі рознага пакалення. Да прыкладу, з Андрэем Кавалёвым, Аляксандрам Андрыеўскім. Вылет з эліты нашай каманды мэтр трэнерскага цэха ўспрыняў як асабістую трагедыю.

У апошні дзень сустракаем і нашых балельшчыкаў, якія падыходзяць да нашай тэлекамеры. Расказваюць пра адно - трэба, па-першае, даць бой славакам, па-другое, вярнуцца ў наступным годзе ў эліту.

Адсутнасць музыкі ў раздзявалцы - як сімвал такога жудаснага выніку. Матч супраць Славакіі мог стаць невялікай порцыяй пазітыву, перад вяртаннем дадому. Але такім не стаў.

Прапускаем ужо на 18-й секундзе. У меншасці славакі падвойваюць лік. Другі перыяд застаўся цалкам за нашай камандай - гэта былі хвіліны, калі сапраўды атрымлівалася калі не ўсё, то вельмі шматлікае.

Насычаны драматызмам трэці перыяд, які падарыў нашай камандзе яшчэ дзве шайбы, усё-такі завяршыўся перамогай Славакіі - 7:4.

Вось з гэтай графікі відаць, што на чэмпіянаце свету беларусы вывучыліся закідваць, але значна адкарэктавалі статыстыку ў апошняй гульні. Па розніцы закінутых і прапушчаных шайб сапернікі пакінулі нас далёка ззаду сябе. Нават аўстрыйцы і французы накалацілі па 13 шайб. Восем закінутых шайб. Сем матчаў - сем паражэнняў.

Месца правядзення турніру ў першым дывізіёне ў 2019 годзе будзе вызначана на штогадовым кангрэсе Міжнароднай федэрацыі хакея, які адбудзецца падчас дацкага чэмпіянату свету. Ужо вядомы ўсе нашы сапернікі - гэта Літва, Славенія, Венгрыя, Казахстан і Паўднёвая Карэя. Проста адназначна не будзе і там.

Не будзе проста і пасля чэмпіянату свету. Зборная Беларусі вяртаецца дахаты, паказаўшы цалкам невыразную гульню. У 20 чыслах мая, як нам паведамілі ў федэрацыі хакея, будуць агучаны вынікі і прычыны правалу. Адно зразумела зараз - адразу пасля чэмпіянату свету неабходна будаваць новую каманду.