Зборная Беларусі па хакеі пачала падрыхтоўку да кваліфікацыйнага раўнда Гульняў у Сочы

1 февраля 2013
 Сёння беларусы правялі першую трэніроўку, праўда, на лёд так і не выйшлі. А ўжо ў панядзелак каманда Андрэя Скабелкі на Мінск-Арэне ў таварыскім матчы пазмагаецца з Францыяй.
Першая трэніроўка атрымалася разгрузачнай. Многія гульцы яшчэ ўчора выходзілі на лёд у складзе сваіх клубаў. Сёння трэнеры прапанавалі хакеістам пагуляць у баскетбол. Рызыка атрымаць траўму невялікая, у той жа час мышцы працуюць.
Заўтра да каманды далучацца яшчэ некалькіх хакеістаў. У зборнай збяруцца ўсе наймацнейшыя. Акрамя энхаэлаўцаў Сяргея Касціцына і Міхаіла Грабоўскага. Трэнерскі штаб выведзе гульцоў на лёд Мінск-Арэны - будзе трэніроўка. А ўжо ў панядзелак тут жа беларусы пазмагаюцца са зборнай Францыі.
Матч супраць французаў нельга назваць суперважным або вырашальным. Гэта хутчэй генеральная рэпетыцыя перад самымі адказнымі гульнямі сезона. Рэпетыцыя, за якой без праблем змогуць паназіраць беларускія балельшчыкі. Трэба толькі купіць білет і вечарам 4 лютага выбрацца на Мінск-Арэну.
Купіць квіток можна лёгка. Іх у продажы яшчэ дастаткова. Нашы хакеісты абяцаюць гуляць на перамогу, каб даказаць, што паражэнне на апошнім чэмпіянаце свету - выпадковасць.
Алімпійская кваліфікацыя стартуе 7 лютага ў Даніі. Першы сапернік - Славенія. На наступны дзень гуляем з Украінай. У нядзелю бітва з гаспадарамі. Пуцёўку ў Сочы атрымае толькі лепшая каманда групы.
Матч Беларусь - Францыя пачнецца а 19 гадзіне. У вас яшчэ ёсць магчымасць убачыць у справе лепшых хакеістаў краіны.