Зборная Беларусі па хакеі пачала падрыхтоўку да чэмпіянату свету ў Чэхіі

28 марта 2015

Турнір гэты важны з пункта погляду дзяльбы алімпійскіх ліцэнзій. Пакуль каманда працуе ў Мінску, але зусім хутка, а менавіта 2 і 4 красавіка, адправіцца спачатку ў Маладзечна, а затым Ліду на матчы са зборнай Латвіі. На маладзечанскі паядынак, дарэчы, усе білеты раскупілі. Галоўны трэнер Дэйв Льюіс на ўсіх наймацнейшых пакуль разлічваць не можа, сезоны ў НХЛ і КХЛ яшчэ не завершаныя, зрэшты, з кандыдатурай капітана ўжо вызначыўся.

Рэпартаж Андрэя Іванова з адной з першых трэніровак. Пакуль спецсродкі і людзі, якія адказваюць за падрыхтоўку лёду, сканчаюць сваю працу, на пляцоўцы з'яўляецца першы прадстаўнік трэнерскага штаба зборнай. Зразумець, хто гэта, можна не ўзіраючыся ў рысы твару: на нагах варатарскія канькі, значыць, самы пунктуальны - Міхаэль Лінер, трэнер, які адказвае за галкіпераў.

Следам на раскачванне выходзіць экс-капітан зборнай, а цяпер асістэнт Дэйва Льюіса Алег Антоненка. Паднятая ўверх клюшка - своеасаблівае прывітанне ў адрас нашай здымачнай групы. Зрэшты, занятак пачынаецца толькі тады, калі ў кнізе па тэхніцы бяспекі з'яўляецца новая адзнака - подпіс яшчэ аднаго трэнера Аляксандра Журыка. Правілы для ўсіх адны, ці то дзеці або гульцы нацыянальнай зборнай.

Дэйв Льюіс, галоўны трэнер зборнай Беларусі па хакеі: "Нас чакае вельмі напружаная праца, перад гульцамі пастаўлена шмат актуальных задач. Дзякуючы таму што кэмп працяглы, ёсць магчымасць адрабіць усе кампаненты гульні. Плюс Уладзімір Бурэ інакш арганізаваў трэніровачны працэс".

Уладзімір Бурэ - гэта бацька знакамітых хакеістаў Паўла і Валерыя, чэмпіён Еўропы і прызёр Алімпіяд па плаванні. У зборнай Беларусі адказвае за фізпадрыхтоўку.

Галоўны турнір для каманды традыцыйна чэмпіянат свету. Сёлета яго прымуць чэшскія гарады Прага і Острава. Дарэчы, ужо вядома, што капітанам на ім будзе Аляксей Калюжны. А вось канадзец Джэф Плат на турнір не прыедзе: сямейныя абставіны.

Наогул, чэшскі чэмпіянат свету цікавы яшчэ і як своеасаблівая мяжа. На працягу трох гадоў усе зборныя працавалі, спрабавалі павысіць свае пазіцыі. А ўсё таму, што 8 лепшых каманд рэйтынгу Міжнароднай федэрацыі хакея аўтаматычна трапляюць на Алімпіяду 2018 года. Пакуль наша зборная знаходзіцца на 11-м радку, і каб патрапіць у запаветную васьмёрку, у Чэхіі трэба дайсці да стадыі паўфіналу. Такога раней не здаралася.

Калі глядзець на рэчы рэальна, то зараз галоўнае заняць як мага больш высокае месца, каб прыняць алімпійскі кваліфікацыйны турнір.