Зборная Беларусі па футболе рызыкуе фінішаваць на апошнім месцы ў адборачнай групе да чэмпіянату свету

4 сентября 2017

Звязана гэта і з буйным пройгрышам камандзе Швецыі на "Барысаў-Арэне". Песімізму дадае і нядаўні пройгрыш у Люксембургу. Варта адзначыць, што наша каманда ні разу не выходзіла на топ-турніры. І зараз актуальнае пытанне - ці рэальна наогул прэтэндаваць на пуцёўку на мундыяль або Еўра ў найбліжэйшы час? Павел Капуцкі паспрабаваў адшукаць корань футбольнай праблемы і высветліць, ці ёсць у нас футбольныя перспектывы, якую ролю адыгрывае турнір "Скураны мяч".

Міхаіл Сівакоў, капітан моладзевай зборнай, якая выйграла ў 2011 годзе бронзу моладзевага чэмпіянату Еўропы, дапускае жахлівую памылку, і беларусы прапускаюць другі гол ад зборнай Швецыі.

Бліжэй да канца першага тайма беларуская абарона атрымлівае трэцюю прабоіну, і балельшчыкі паволі разыходзяцца.

Ігар Крывушэнка, галоўны трэнер нацыянальнай зборнай Беларусі па футболе: "Ад шведаў, якія ў хакей гуляюць яшчэ лепш, чым футбол, мы ў выніку прапусцілі 4. Не забілі ні аднаго. У чацвер беларуская зборная другі раз у гісторыі саступіла Люксембургу, 0:1. Аляксандр Глеб, Сяргей Карніленка і Цімафей Калачоў пайшлі. Шматлікія балельшчыкі на цяперашняе пакаленне футбалістаў махнулі рукой".

За гульнёй са шведамі з трыбун назіралі фіналісты Рэспубліканскага турніру "Скураны мяч". У перапынку ў цэнтр поля выйшлі Іван Голубеў з каманды Брэсцкага раёна і Сяргей Кісляк.

Сяргей Кісляк, паўабаронца нацыянальнай зборнай Беларусі па футболе: "Самае галоўнае, што шмат дзяцей займаецца футболам. "Скураны мяч" - гэта пачатак футбольнай дзейнасці. Я таксама пачынаў са "Скуранога мяча". Я думаю, што ў нас добры ўзровень. У краіне, думаю, што будуць і ёсць добрыя футбалісты. Такі перыяд, трэба ўсім разам пачакаць, пераадолець".

Паражэнне ад Люксембурга і разгром ад Швецыі - гэта спартыўная трагедыя. Важна зразумець, што рабіць далей. Спецыялісты не намякаюць, крычаць. Праблема пачынаецца з дзіцячага футбола.

Да пятніцы фіналісты "Скуранога мяча" разыграюць трафеі ў трох узроставых групах. Акрамя матчаў, у чацвер пройдзе спаборніцтва па элементах тэхнікі футбола і фізічнай падрыхтоўцы. На аналагічным турніры ў Англіі калісьці заўважылі 11-гадовага хлопца Дэвіда Бекхэма.

Павел Ягораў, памочнік старшыні Прэзідэнцкага спартыўнага клуба па спорце: "У гэтым году ў спаборніцтвах прыняло ўдзел на першым, самым масавым этапе, 43 тысячы хлапчукоў. А гэта 3,5 тысячы каманд. І асноўная мэта - гэта падарыць магчымасць хлапчукам паказаць сябе на палях. Вядома, заваяваць кубак "Скураны мяч". А можа камусьці пашанцуе - ён будзе прадстаўляць нашу зборную і на зноў пабудаваным стадыёне".

Трэнеры дарослых каманд абураюцца слабай падрыхтоўкай моладзі. Дзіцячыя трэнеры, наадварот, наракаюць, што таленты губляюцца пры пераходзе ў прафесійны футбол.

У гэтым адборачным цыкле беларусы яшчэ згуляюць з Францыяй і Нідэрландамі. Потым жараб'ёўка кваліфікацыі чэмпіянату Еўропы. Але ад яе, падобна, мала што залежыць. У нас пакуль няма зборнай, здольнай вырашаць вялікія задачы.