Зборная Беларусі па біятлоне адправілася ў Аўстрыю

26 декабря 2013
За 43 дні да старту Алімпіяды ў Сочы зборная Беларусі па біятлоне на чале з Дар'яй Домрачавай сёння раніцай з Нацыянальнага аэрапорта адправілася на галоўны старт чатырохгоддзя. Праўда, дагэтуль нашай камандзе трэба будзе выступіць на трох этапах розыгрышу Кубка свету.

Станіслаў Ліпскі праводзіў страляючых лыжнікаў.

Наша краіна як суверэнная дзяржава прымала ўдзел у пяці зімовых Алімпійскіх гульнях. Усяго за гэты час мы заваявалі 9 узнагарод, 4 з якіх у біятлоне. Прычым на апошніх Гульнях у Ванкуверы гэты від спорту прынёс нам 2 медалі: бронзу Дар'і Домрачавай і серабро Сяргея Новікава. Гэтыя спартсмены выступяць і на Алімпіядзе ў Сочы. Аднак на дасягнутым, прынамсі, Дар'я Домрачава спыняцца не збіраецца.

Прыма нашага біятлона рыхтуецца да Гульняў у Сочы па індывідуальнай праграме, менавіта таму Дар'я прапускала трэці этап Кубка свету. Разам з Клаусам Зібертам - трэнерам па стральбе - Домрачава адправілася на высакагор'е: ва ўмовах, максімальна набліжаных да сочынскіх, працавала не толькі над дакладнасцю, але і над сваімі хуткаснымі характарыстыкамі.

Дар'я Домрачава, чэмпіёнка свету па біятлоне: Дастаткова сур'ёзная работа была праведзеная, менавіта базавая работа, каб на вось гэтых трох этапах, на якія мы зараз адпраўляемся, набраць хуткасць, а далей ужо толькі наперад.

Гэтак жа пазітыўна на працэс падрыхтоўкі Дар'і да Алімпіяды глядзіць і галоўны трэнер жаночай зборнай Беларусі Андрыян Цыбульскі.

Што да медальных перспектыў Сяргея Новікава, то тут пытанняў больш: усё ж яму ў красавіку споўніцца 35. Аднак, нават нягледзячы на ўзрост атлет ведае, як выходзіць на пік формы.

Андрыян Цыбульскі, галоўны трэнер жаночай зборнай Беларусі па біятлоне: Гэта яго апошнія Алімпійскія гульні. Ён ужо заявіў, і з яго вопытам падрыхтоўкі да галоўных спаборніцтваў чакаем ад Сяргея яго лепшых выступленняў у лютым.

Сёння ж раніцай наша зборная ў поўным складзе адправілася ў Аўстрыю, дзе жаночая частка каманды сустрэне Новы год.

Мужчынская частка каманды гэтае свята правядзе ў Італіі. А 3 студзеня зборная ў поўным складзе выступіць на чацвёртым этапе Кубка свету ў Аберхофе.