Зборная Беларусі. Пляжны футбол

26 июня 2019

Нагадаем, сёння на футбольным полі спартыўна-аздараўленчага комплексу "Алімпійскі" прадоўжыцца  турнір па пляжным футболе. А зараз у чарговай серыі праекта "Зборная Беларусі" мы  больш падрабязна пазнаёмім вас з нашай зборнай. 

Як правесці 5 матчаў за 5 дзён і пры гэтым аднаўляць сілы - наш наступны сюжэт.

Мора, сонца і пясок - гэта класічныя атрыбуты пляжнага футбола. Яны важныя, але не абавязковыя. У Беларусі даказана: быць у сусветнай эліце можна нават, калі мора Мінскае, а трэніроўкі з-за ўмерана-кантынентальнага клімату часта праходзяць падчас  дажджу. Галоўны трэнер нашай зборнай па нацыянальнасці іспанец. Катэгарычна адхіляе версію, што яго гульцы - няўдачнікі,  якія прыйшлі з вялікага футбола.

Лепшыя гульцы зборнай Беларусі выступаюць за замежныя клубы. Прымусілі сябе паважаць у Еўропе і ў свеце, але змірыліся з тым, што пляжны футбол - малады від спорту. Яго асаблівасці далёка не ўсе ведаюць. Тры перыяды па 12 хвілін. І ў сярэднім 11  галоў за матч. Для традыцыйнага футбола норма два з паловай. 

Спаборніцтвы на Еўрапейскіх гульнях пройдуць на лепшым у краіне стадыёне па пляжным футболе. Ён пабудаваны ў цэнтры горада год таму. Адметна, што білеты сюды балельшчыкі раскупліваюць найбольш  актыўна. Трыбуны ўмяшчаюць паўтары тысячы гледачоў. Пясок, на якім гуляюць каманды, асаблівы.

У складзе зборнай Беларусі на Гульнях будуць 12 футбалістаў. Лідар каманды і самы заслужаны з іх  - форвард Ігар Брыштэль. Выступае за маскоўскі "Спартак", неаднаразова  станавіўся лепшым гульцом і бамбардзірам чэмпіянатаў і кубкаў Расіі і Беларусі. 

Згодна з жараб'ёўкай, на Еўрапейскіх гульнях Беларусь трапіла ў групу А з Партугаліяй, Швейцарыяй і Румыніяй. Па дзве лепшыя каманды з квартэтаў згуляюць у паўфіналах, фінале і матчы за трэцяе месца. Гэта значыць пяць матчаў за пяць дзён. А значыць пытанням хутчэйшага аднаўлення на спаборніцтвах прыйдзецца надаць максімум увагі.