Зборная Беларусі. Веславанне на байдарках і каноэ

25 июня 2019

Пазнаёмім з галоўнымі героямі ІІ Еўрапейскіх гульняў - нашымі веслярамі, якім выпала адказная місія выступаць на роднай зямлі. Сёння мы распавядзем пра каманду, якая можа стаць лакаматывам. Яны ніколі не вярталіся з пустымі рукамі з буйных сусветных стартаў, а зараз гатовыя перамагаць і ў Мінску. 

Хто ж яны - фаварыты будучых стартаў? У рамках праекта "Зборная Беларусі" Агенцтва тэленавін прадстаўляе нацыянальную каманду па веславанні на байдарках і каноэ. 

У байдарках спартсмены спаборнічаюць седзячы, у каноэ - вяслуюць, стоячы на калене. Магчыма, вы не ведалі, але байдаркай спартсмены кіруюць і пры дапамозе ног. 

Гэтаму судну 12 гадоў. Апроч прозвішчаў весляроў тут па аналогіі з зорачкамі на фюзеляжы самалёта пазначаныя і пераможныя спаборніцтвы.

Веславанне на байдарках і каноэ - самы паспяховы від спорту з алімпійскай праграмы ў суверэннай Беларусі. Вось ужо васямнаццаць гадоў нацыянальнай камандай кіруе Уладзімір Шантаровіч. Кіраваць байдаркамі і каноэ - гэта не значыць шматзначна глядзець удалячынь з катара. Уладзімір Уладзіміравіч выдатна памятае колькасць грабкоў сваіх спартсменаў на кожнай трэніроўцы. У крайнім выпадку ў яго заўсёды ўсё запісана, можна паглядзець і вызначыць пункты росту на наступны занятак.

Каманда, якую глядач убачыць на Еўрапейскіх гульнях, - лепшыя ў краіне хлопцы і дзяўчаты. Вытрымаць шалёныя нагрузкі веславання далёка не кожнаму пад сілу, а каб у працэсе падрыхтоўкі адсеў быў мінімальны, трэба ўжываць новыя тэхналогіі пры селекцыі. Пра свае напрацоўкі Шантаровіч можа гаварыць гадзінамі, але робіць акцэнт на псіхалагічнай устойлівасці.

Лідар каманды Раман Петрушэнка. Калі скласці рэгаліі ўсёй цяперашняй каманды, хлопцы і дзяўчаты ўсё роўна саступяць мазыраніну, паміж іншым, маёру міліцыі, які блізкі да завяршэння сваёй бліскучай спартыўнай кар'еры. Толькі алімпійскіх медалёў у Рамана чатыры. Ён сяміразовы чэмпіён свету, кавалер ордэна Айчыны 2 і 3 ступеняў. У кар'еры застаўся толькі адзін прабел: ні адной годнай узнагароды Петрушэнка яшчэ не выйграваў на радзіме, перад сваімі гледачамі. 

Смеем назваць байдарачнікаў і канаістаў ударнай сілай беларусаў на Еўрапейскіх гульнях. Атлеты разыграюць 16 камплектаў узнагарод, на кожны будуць прэтэндаваць беларусы. Існуюць лодкі для аднаго ўдзельніка, двух удзельнікаў і чатырох удзельнікаў. Львіная доля медалёў будзе разыграная на кароткіх дыстанцыях 200, 500 і 1000 метраў. Старт на 5 кіламетраў выявіць самых цягавітых у мужчын і жанчын.

За вынікамі можна назіраць на самым вялікім святлодыёдным табло ў Беларусі - цэлых 66 квадратных метраў. У заяўках каманд чакаецца каля 350 спартсменаў. Для розыгрышу ўзнагарод ім спатрэбіцца тры дні - з 25 па 27 чэрвеня. Уладзімір Шантаровіч абяцае не меней за пяць медалёў беларускіх весляроў.