"Зборная Беларусі". Баскетбол 3х3

29 мая 2019

А мы працягваем знаёміць з галоўнымі героямі нашых Гульняў - нашымі спартсменамі. Сёння ў праекце "Зборная Беларусі", які выходзіць пры падтрымцы нашага партнёра БПС-Сбербанка, размова пойдзе пра баскетбол 3х3. Гэты від спорту развіваецца ў краіне ўсяго некалькі гадоў, але ўжо былі гучныя поспехі.

Перспектывы на гэтых спаборніцтвах ацаніў Аляксандр Ярмош. Баскетбол 3х3 - адзін з двух камандных гульнявых відаў спорту на ІІ Еўрапейскіх. Вядомы ён у першую чаргу па баталіях у двары, адкуль, уласна, і выйшаў. Нягледзячы на тое што ў нашай краіне від актыўна развіваецца ў апошнія гады, за нацыянальныя зборныя выступаюць гульцы, якіх можна ўбачыць у чэмпіянаце краіны па баскетболе 5х5.

Падобнае сумяшчэнне выклікае некаторыя складанасці і патрабуе хуткага пераключэння ад гульцоў. Але нашы спартсмены да гэтага гатовыя.

У склад кожнай з каманд уваходзіць па 4 спартсмены: тры гуляюць, адзін - запасны. І, па сутнасці, гэта ўвесь склад дэлегацыі. Звыклага трэнера, які крычыць і жэстыкулюе, вы тут не ўбачыце. Як бачым, усе рашэнні на пляцоўцы прымаюцца толькі гульцамі. Таму наяўнасць лідара абавязковая.

Узаемазаменнасць і ўменне хутка рэагаваць на перамены - добрыя якасці. З гэтым праблем у каманды, здаецца, не будзе. А што з дакладнасцю? Адзін з кампанентаў правераны на сабе. У часы заняткаў баскетболам у гродзенскай СДЮШАР я добра спраўляўся са штрафнымі кідкамі, але скласці канкурэнцыю баскетбалістцы зборнай не змог. 20-гадовай Наташы Гарбачовай нават парывісты вецер не перашкода.

У такім кантактным відзе, як баскетбол 3х3, уменне рэалізоўваць штрафныя - важны пункт. Але далёка не галоўны. Многае залежыць ад індывідуальных дзеянняў і, вядома, тактыкі. А прадказаць вынікі матчаў часам вельмі складана.

Жаночая зборная патрапіла ў групу А, дзе таксама Расія, Італія і Сербія. У нашых мужчын квартэт выглядае наступным чынам: Славенія, Літва, Эстонія. Адзначым, квартэты фарміраваліся не жэрабем, а паводле рэйтынгу каманд. Пасля групавога этапу - ён пройдзе з 21 па 23 чэрвеня -плэй-оф. Туды патрапяць па дзве каманды з групы, і яны за адзін дзень - 24 чэрвеня - разыграюць два камплекты медалёў.

Наперадзе ў нашых зборных яшчэ некалькі замежных турніраў сур'ёзнага ўзроўню. Па іх выніках трэнеры вызначацца з канчатковымі складамі і пастараюцца парадаваць вынікамі ўсіх, хто знойдзе месца на "Палова-Арэне" альбо будзе сачыць за Гульнямі ў трансляцыях Белтэлерадыёкампаніі.