Самыя яркія моманты другога дня Міжнароднага Каляднага турніру

4 января 2019

Так ужо павялося: спартыўны год у нашай краіне стартуе святам вялікага хакея. Другі дзень Каляднага турніру прынёс новыя перамогі, яркія галявыя перадачы і, вядома, незабыўныя эмоцыі балельшчыкаў. Баталіі на лёдзе ў выкананні не толькі знакамітых спартсменаў, але і аматараў у літаральным сэнсе аб'ядноўваюць духам спаборніцтваў і проста зносінамі старых добрых сяброў. Сёлета 12 каманд, сярод якіх ёсць і дэбютанты: зборная Балтыкі і зорная дружына Міжнароднай федэрацыі хакея, гульня якіх, дарэчы, натхняе і будучых зорак лядовых арэн - за свой трафей гэтымі днямі змагаюцца і юныя ўдзельнікі "Залатой шайбы". Зрэшты, не толькі хакеем жывуць госці мінскага турніру - тут ёсць месца і дзелавым зносінам, і, вядома, святу для самых маленькіх - тых, хто асабліва чакае ўвагі і навагодняга настрою.

Самыя яркія моманты другога дня Каляднага турніру ў рэпартажы Алены Гарэльчык.

З раніцы ў пятніцу ў Нацыянальным алімпійскім камітэце шматлюдна. Тут праходзіць калядная канферэнцыя па актуальных пытаннях сучаснага хакея. За 15 гадоў традыцыя збіраць у Беларусі прафесіяналаў і аматараў трансфармавалася з турніру на лёдзе ў форум сусветнага ўзроўню. Дакладчыкі з паспяховых у хакеі краін расказваюць пра асаблівасці развіцця гульцоў да 15 гадоў, тут разбіраюцца дасягненні швейцарцаў і немцаў - каманд, якіх мы яшчэ нядаўна перамагалі, а зараз вымушаныя даганяць. Гэта значыць на парадку дня ўсё тое, што можна і трэба пераймаць. Беларусам як гаспадарам асабліва.

Удзельнікі каляднага форуму апладзіруюць менеджару ІІХФ фіну Аку Ніемінену. Тэма яго даклада "Развіццё спартсмена ў доўгатэрміновым перыядзе".

Зборная Беларусі прапусціла алімпіяды ў Сочы і Пхёнчхане. Летась пакінула элітны дывізіён чэмпіянату свету, а праз два гады нам прымаць турнір. І тыя ж украінцы беларускім умовам для развіцця хакея зайздросцяць.

Пляцоўка каляднай канферэнцыі, магчыма, увойдзе ў гісторыю. Заўтра тут будуць абмяркоўваць стварэнне Усходнееўрапейскай хакейнай лігі. Такім чынам ёсць намер узняць узровень гульні ў шасці краінах.

Перапынак паміж перыядамі 5 хвілін, няма часу нават пайсці ў раздзявалку. Усе ўказанні ад трэнера хлопцы атрымліваюць тут. У фінале "Залатой шайбы", якая праходзіць паралельна з Калядным турнірам, выступае каманда з Кобрына. Хлопцы з раённага цэнтра вельмі матываваныя. Выйгралі з разгромным лікам першы матч, а сёння на роўных змагаліся з мінчанамі, у якіх і выбар кандыдатаў большы, і ўмовы для трэніровак лепшыя.

Кобрынскі "Атлант" заўтра пазмагаецца за перамогу ў группе С з горкаўскім "Сокалам". У асабістым супрацьстаянні пуцёўку ў фінал разыграюць і лідары квартэта A. Самая забіўная каманда групы - "Грыфоны" - памераецца сіламі з прынёманскімі "Ястрабамі". Сёння мінчане перамаглі "Шахцёр". Дублем і галявым асістам у матчы адзначыўся Мікалай Лукашэнка.

А гэта 40-гадовы Дайнюс Зубрус - адзіны ў трох іпастасях. Па-першае, легенда сусветнага хакея, па-другое, ён усё яшчэ дапамагае нацыянальнай камандзе Літвы на лёдзе, а па-трэцяе, нядаўна ўзначаліў Федэрацыю хакея сваёй краіны. Аб праблемах выхавання моладзі ведае вельмі добра. Лічыць, што выхаванне без пераемнасці пакаленняў немагчымае.

Зубрус згуляў у наймацнейшай лізе свету - НХЛ - больш за тысячу матчаў. Гаворыць, што прыехаў у Мінск, каб стаць лепшым бамбардзірам Каляднага турніру. Вядома, на такіх зорак ідзе глядач. Тым больш што сёння каманда краін Балтыі, за якую выступае Зубрус, сапернічала з камандай Прэзідэнта.

Балтыйцы аказалі годнае супраціўленне. На першы перапынак сапернікі пайшлі пры мінімальнай перавазе беларусаў. Праўда, затым гаспадары змаглі забяспечыць сабе камфортную перавагу: трыбунам не прыйшлося сумнявацца, хто сёння пераможа.

Сённяшнім матчам каманда Прэзідэнта завяршыла групавы турнір і датэрмінова выйшла ў паўфінал. Там нашы сустрэнуцца з Аб'яднанымі Арабскімі Эміратамі, якія таксама датэрмінова вызначылі сябе ў лік суіскальнікаў узнагарод. Заўтра папярэдні раўнд фінішуе, і пары паўфіналістаў сфарміруюцца поўнасцю. Зрэшты, сам спартыўны вынік на турніры не такі важны, як важная магчымасць падарыць свята балельшчыкам. Беларусы і госці нашай сталіцы з задавальненнем наведваюць хакей і глядзяць на сусветных зорак. Спорт узнімае настрой, аб'ядноўвае балельшчыкаў на трыбунах, на спартыўных пляцоўках, ён робіць нас лепей.

У сённяшнім матчы каманда Прэзідэнта Беларусі перамагла зборную Балтыі з лікам 9:3. Самым дзейсным у паядынку стаў трэці перыяд, за які было закінута 6 шайбаў.