Самая гучная перамога ў гісторыі мужчынскай зборнай Беларусі па баскетболе!

27 февраля 2018

На пляцоўцы мінскага Палаца спорту беларусы абгульваюць дзеючага чэмпіёна Еўропы - каманду Славеніі. А некалькі дзён таму ледзь не зламілі іспанцаў. Тады гаспадары саступілі ўсяго два ачкі і перанеслі сенсацыю на 4-ы круг кваліфікацыі. Больш падрабязна - Аляксандр Якубоўскі.

Нешматслоўныя пасля трыумфальнай перамогі былі і нашы баскетбалісты. Усё што, яны адчувалі...

У другім этапе адбору на чэмпіянат свету беларусы стартавалі з трох паражэнняў у групе А. Квартэт, мякка гаворачы, не самы просты - Іспанія, Славенія і Чарнагорыя. Перапыніць няўдалую серыю атрымалася толькі ў матчы з лепшай камандай кантынента - 93:92!

Не дапамаглі славенцам і 27 ачкоў у выкананні Які Блажыча. У складзе пераможцаў 25 балаў набраў натуралізаваны амерыканец Дэван Садлер, для якога гэты матч стаў другім у складзе зборнай Беларусі. Восем перадач і пяць падбораў таксама выканаў ён.

Моўнага бар'ера ў камандзе няма. Падчас тайм-аўтаў галоўны трэнер Аляксандр Круцікаў робіць выбар на карысць англійскай мовы.

Вялікі ўклад ў поспех беларусаў унёс ветэран зборнай Аляксандр Кудраўцаў. У атакуючага абаронцы - 18 ачкоў, а 21-гадовы Максім Салаш аформіў "дабл-дабл". 20 балаў і 10 падбораў.

Адзін з лідараў беларускай каманды Арцём Парахоўскі не змог адлучыцца ў зборную. Яго "Макабі" з Тэль-Авіва выступае ў самым прэстыжным клубным турніры кантынента - Еўралізе. Але летам Арцём будзе свабодны і зможа дапамагчы зборнай у заключных сустрэчах адбору.

28 чэрвеня Беларусь згуляе ў Чарнагорыі, а ўжо праз тры дні завершыць адбор у Іспаніі. У наступны раўнд пройдуць тры лепшыя зборныя з чатырох.

Пакуль мы замыкаем квартэт. Але ў выпадку поспеху ў гульні з балканцамі зможам падняцца на трэцюю пазіцыю.