З 31 кастрычніка па 3 лістапада веладром "Мінск-Арэны" прыме першы з шасці этапаў Кубка свету

29 октября 2019
Шлях у Токіа стартуе ў Мінску. У трэкавым веласпорце наступае  вырашальны момант у барацьбе за ліцэнзіі на Алімпійскія гульні ў Японіі.

З 31 кастрычніка па 3 лістапада веладром "Мінск-Арэны" прыме першы з шасці этапаў Кубка свету. Настолькі прадстаўнічага і зорнага складу ўдзельнікаў наша краіна яшчэ не прымала. 386 гоншчыкаў, 57 каманд з 44 краін рыхтуюцца ўступіць у барацьбу не толькі за медалі, але і за рэйтынгавыя ачкі, якія неабходныя, каб атрымаць квоту на Алимпияду. Наша каманда  выступіць наймацнейшым складам. У яе ўвайшлі 17 спартсменаў, у тым ліку Яўген Каралёк, Таццяна Шаракова і Алёна Амялюсік. 

Аляксей Іваноў, дырэктар веласіпеднага клуба "Мінск", генеральны менеджар I этапа Кубка свету па веласпорце на трэку: "Каманды многія прыязджалі загадзя, каб выпрабаваць трэк, акліматызавацца і г.д. Але сёння першы дзень афіцыйных трэніровак. А гэта значыць, што мы гатовыя. Гэты этап проста будзе гістарычным. Таму што такой колькасці зорных спартсменаў, я маю на ўвазу шматразовых чэмпіёнаў Алімпійскіх гульняў, уладальнікаў Кубка свету, чэмпіёнаў свету і Еўропы, Еўрапейскіх гульняў, мы не збіралі ніколі. Таму, безумоўна, гэта вялікае адрозненне. Гэта значыць, што перш за ўсё з пункта погляду арганізацыі трэба звяртаць увагу на тое, каб спартсменам было тут камфортна".

Яўген Каралёк, чэмпіён свету, уладальнік Кубка свету, пераможца этапаў Кубка свету па веласпорце на трэку: "Прыехалі ўсе наймацнейшыя. Прайшоў чэмпіянат Еўропы. І ўсе з чэмпіянату Еўропы прыехалі сюды ў Мінск, усе з асноўнага складу. Таксама дадаюцца з іншых кантынентаў людзі. Вельмі каштоўныя алімпійскія ачкі. І ўсе зарабляюць гэтыя алімпійскія ачкі, адбіраюцца на Алімпійскія гульні. Па рэйтынгу - так. Першыя 16 краін па рэйтынгу пройдуць на Алімпійскія гульні. Будзем спрабаваць тут паказаць максімальны вынік".

Анастасія Войнава,  двухразовая пераможца II Еўрапейскіх гульняў, сярэбраны прызёр Алімпійскіх гульняў па веласпорце на трэку (Расія):  "Я, напэўна, за гэты сезон тут ужо чацвёрты або пяты раз. Мы прыязджаем сюды на трэніровачныя зборы. Трэка, а менавіта 250 м, які адпавядае сусветнаму стандарту, у нас дзяржаўнага няма. І таму такога ўзроўню міжнародных спаборніцтваў  у нас не праводзяць. А тут было праведзена ўжо столькі спаборніцтваў высокага ўзроўню: чэмпіянат свету, Кубак свету, Еўрапейскія гульні. Для мяне як для веласіпедысткі гэта свайго роду мара, што такое ж будзе адбывацца і ў маёй краіне".

Кваліфікацыі пачнуцца ў чацвер. Цырымонія адкрыцця адбудзецца ў пятніцу ў 16:45. Арганізатары чакаюць высокую цікавасць з боку балельшчыкаў. Прадугледжана шмат розных актыўнасцяў.