Рубрыка "Матчбол"

13 июня 2016

Футбол - асноўная тэма нашай сённяшняй рубрыкі "Матчбол", але не адзіная. Загадзя папярэдзім усіх аматараў бегу і здаровага ладу жыцця. Пачынаецца рэгістрацыя на Мінскі паўмарафон, які пройдзе ў верасні. Летась ён сабраў шаснаццаць тысяч удзельнікаў. Падрабязней - Андрэй Казлоў.

У БАТЭ збіўся чэмпіёнскі тэмп: барысаўчане двойчы саступілі ў апошніх трох матчах. А вось мінскае "Дынама", нягледзячы на невыразны старт, ужо на другім месцы ў нацыянальным чэмпіянаце. Напачатку "Матчбола" падводзім вынікі 11 тура ў Вышэйшай лізе.

"Самы дрэнны матч у нашым выкананні", - менавіта такую выснову зрабіў галоўны трэнер жодзінскага "Тарпеда" Ігар Крыўшэнка пасля нічыёй з дэбютантам эліты - клубам "Іслач", які прадстаўляе Мінскі рэгіён. Гэтымі словамі ён пацвердзіў, што пасля выйгрышу нацыянальнага кубка "аўтазаводцы" працягваюць паказваць вельмі нестабільную гульню.

"Іслач" і "Тарпеда" згулялі ўнічыю, 1:1. У Жодзіна забіў Максім Скавыш, у "Іслачы" - Аляксандр Алумона. "Іслач" пасля такога выніку апусцілася на 11-е месца, але трэба адзначыць, што ў каманды з-пад Мінска ёсць гульня ў запасе. Таксама і шчыльнасць турнірнай табліцы вялікая: ад трэцяга радка аддзяляюць толькі чатыры балы.

Звяртае на сябе ўвагу паражэнне барысаўскага БАТЭ ў матчы супраць "Славіі" з лікам 1:2. Цікава, што адзін з галоў забіў былы гулец жоўта-блакітных Алег Страхановіч.

Для ўсіх аматараў бегу і здаровага ладу жыцця ёсць выдатная навіна. Ужо ў гэтым месяцы пачынаецца рэгістрацыя ўдзельнікаў на Мінскі паўмарафон, які пройдзе другі раз. Пра гэта расказаў старшыня Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі Вадзім Дзевятоўскі. Паўмарафон пройдзе ў верасні. Летась у гэтым забегу прынялі ўдзел больш як 16 000 аматараў.

Мінск таксама не застаецца ў баку ад такой падзеі, як чэмпіянат Еўропы па футболе, няхай ён і праходзіць без удзелу нашай каманды. У цэнтры Мінска каля гасцініцы "Беларусь" адкрылася фанзона, якая адначасова можа змясціць да 300 балельшчыкаў. Цяжкія дні чакаюць творчую групу галоўнага спартыўнага тэлеканала краіны, таму што ўсе матчы Еўра ў прамым эфіры будуць паказаныя на трох тэлеканалах: на "Беларусь 1", "Беларусь 2" і "Беларусь 5".

Чэмпіянат Еўропы па футболе - пакуль галоўная спартыўная з'ява напачатку лета - ён будзе ісці да 10 ліпеня. Калі няма магчымасці адправіцца ў Францыю, то лепшая альтэрнатыва - фанзона на жывапісным беразе Свіслачы.