Рубрыка "Матчбол"

14 ноября 2016

Нацыянальная зборная Беларусі па футболе прайграла зборнай Балгарыі ў рамках адбору да чэмпіянату свету, які пройдзе ў Расіі. 1:0 у Сафіі перамаглі гаспадары. Пасля чатырох матчаў у каманды Аляксандра Хацкевіча ўсяго два балы. Сёлета яны сваё выступленне завяршылі. Што нельга сказаць пра хакейнае "Дынама". Рубрыка "Матчбол" працягне выпуск.

Выступленне сталічнага хакейнага «Дынама» ў Кантынентальнай хакейнай лізе застаецца галоўнай тэмай рубрыкі “Матчбол”: пасля пяці паражэнняў запар “зубры” пакінулі пакуль віртуальнае месца ў зоне плей-оф турніру, таму ў суботу ў паядынку супраць “Амура” трэба было толькі перамагаць.

Тым больш гулялі супраць каманды з Хабараўска, якая таксама не атрымлівала вікторый на працягу пяці матчаў – адным словам, і тым, і другім не было куды адступаць. 15 000 прыхільнікаў “Дынама” ў той вечар прыйшлі на трыбуны “Мінск-Арэны”, і менавіта гэты факт прымушаў бела-блакітных дзейнічаць з пазіцыі сілы, што ў выніку і атрымалася. Дакладныя стрэлы Клінкхамера, Сцяпанава і Кавыршына прынеслі сталічным тры балы, аднак два папярэднія хатнія паражэнні ад "Кунь Луня" і "Адмірала" ўсё ж забыць складана.

Адзначым і дэбют Мікіты Міцкевіча ў стане "Дынама": дваццаціаднагадовы абаронца толькі ў пятніцу падпісаў кантракт з мінчанамі.

На гэты момант сталічны клуб займае дзявятае месца на Захадзе КХЛ, аднак перамога ў асноўны час над "Медзвяшчакам" заўтра дазволіць "зубрам" перайсці на сёмае месца ў турнірнай табліцы, пажадаем поспехаў “Дынама”.

Тры з чатырох каманд - паўфіналістаў Кубка краіны па валейболе прадстаўляюць цэнтральны рэгіён: чвэрцьфіналы спаборніцтваў адбыліся на мінулым тыдні. Па іх выніках барысаўскі БАТЭ сустрэнецца ў адной другой з “Легіёнам” з Гродзенскай вобласці, а салігорскі “Шахцёр” - з мінскім “Будаўніком”, дарэчы, менавіта гэтыя дзве каманды - галоўныя прэтэндэнты на тытул чэмпіёна Беларусі.

На гэтым тыдні працягваем сачыць за выступленнем сталічнага хакейнага "Дынама" ў КХЛ – сваю чарговую выязную серыю “зубры” распачнуць заўтра паядынкам у Харватыі. Паралельна сочым за валейбалісткамі "Мінчанкі" - ў аўторак нашы дзяўчаты згуляюць супраць чэмпіёна Турцыі "Эджашыбашы", а таксама падтрымліваем баскетбалістаў сталічных "Цмокаў" – “драконы” згуляюць супраць "Пардубіцэ" з Чэхіі ў Еўракубку. Усё, гэта, зразумела, на тэлеканалах Белтэлерадыёкампаніі - любіце спорт, і мы абавязкова яшчэ ўбачымся.