Рубрыка "Матчбол"

29 июля 2019

Сёння сталі вядомыя ўсе пары ўдзельнікаў адной восьмай фіналу Кубка Беларусі па футболе. Верагодна, большая ўвага будзе накіравана на супрацьстаянне брэсцкага "Дынама" і футбалістаў "Мінска", таксама "Дынама" з Мінска і Гомеля. Чэмпіён краіны – БАТЭ – згуляе з мінскім "Тарпеда". А вось падрабязней пра барысаўскі клуб сёння - у нашай рубрыцы "Матчбол".

Перамога, якую мы будзем успамінаць яшчэ шмат гадоў. Барысаўскі БАТЭ падарыў усім сваім прыхільнікам цікавы, напружаны і, галоўнае, трыумфальны матч. Да нас у госці прыехаў моцны нарвежскі "Русенборг". Аднак "варагі" паехалі дамоў на шчыце.

Вельмі добрая заяўка на выхад у трэці раўнд кваліфікацыі Лігі чэмпіёнаў. БАТЭ перамагае нарвежскі "Русенборг" у хатнім супрацьстаянні – 2:1 - пры аншлагу на "Барысаў-Арэне". Падтрымаць жоўта-блакітных прыйшлі больш за 13 тысяч балельшчыкаў. Усе квіткі былі прададзеныя. І галоўнае – гульцы БАТЭ сваіх прыхільнікаў не падвялі. У першым тайме з пенальці вызначыўся Ігар Стасевіч, у другой палове сустрэчы зноў вывеў наперад гаспадароў Максім Скавыш. Важны гол на выездзе за скандынаваў правёў Андэрс Кондрасен.

Гульня ў адказ пройдзе ўжо на гэтым тыдні ў нарвежскім Тронхейме. Прамая трансляцыя таксама будзе на тэлеканале "Беларусь 5". Стартавы свісток прагучыць у 20 гадзін.

Пераможны пачын праз суткі падтрымалі і футбалісты салігорскага “Шахцёра”. "Гарнякі" ўслед за БАТЭ паспяхова стартавалі ў другім раўндзе кваліфікацыі еўракубкаў, але ў другім па значнасці клубным турніры кантынента – Лігі Еўропы. Дакладны ўдар "гарнякі" нанеслі ўжо на 5-ай хвіліне. Эліс Бакай зарабіў штрафны і сам рэалізаваў стандарт. А на старце другой паловы пасля падачы албанца з вуглавога вызначыўся Павел Рыбак. Вікторыя 2:0 робіць "Шахцёр" фаварытам перад візітам у Данію – матч адбудзецца ў гэты чацвер. Лёс пуцёўкі ў трэці раўнд кваліфікацыі вырашыцца ў Эсб'ергу ў першы дзень жніўня, стартавы свісток прагучыць у 20:45.

А зараз да віду спорту, у якім пераможныя традыцыі вельмі моцныя, што пацвердзілі і ІІ Еўрапейскія гульні. У Мінску адбыўся традыцыйны турнір нашага вядомага барца Алега Караваева. Аб выніках – далей. Тры медалі: два залатыя і адзін бронзавы заваявалі беларусы ў першы дзень міжнароднага турніру памяці алімпійскага чэмпіёна Алега Караваева. У вагавой катэгорыі да 82 кілаграмаў у фінале Віктар Сасуноўскі аказаўся мацнейшым за прадстаўніка Турцыі Эмраха Куса, яшчэ адзін беларус у катэгорыі да 97-мі кілаграмаў Сяргей Старадуб перамог таксама барца з Турцыі Сулеймана Мемірчы. Бронзавая ўзнагарода таксама ў актыве Уладзіслава Манкевіча, беларус у вагавой катэгорыі да 82 кілаграмаў у схватцы за бронзу аказаўся мацнейшым за Міраса Ахматжанава з Казахстана.

У выніку ўсяго турніру нашы барцы заваявалі шэсць медалёў. Спаборніцтвы з'яўляюцца рэйтынгавымі, гэта значыць у Мінску ў гэтыя дні разыграюцца балы, якія будуць улічаныя пры жараб'ёўцы на чэмпіянат свету ў верасні ў Нур-Султане. Нагадаем, што тэлеканал "Беларусь 5" на гэтым тыдні пакажа сустрэчу ў адказ барысаўскага БАТЭ супраць нарвежскага "Русенборга". У сераду пачатак трансляцыі ў 19:50. Прыемнага прагляду.