Арына Сабаленка вяртаецца ў топ-10 сусветнага рэйтынгу жаночай тэніснай асацыяцыі. На два крокі ў адноўленым табелі сёння паднялася Вікторыя Азаранка. Яна - 38-ая ракетка планеты. Амаль побач Аляксандра Сасновіч - беларуска на 42-ім месцы. Тым часам у чэмпіянаце краіны па футболе завяршыўся першы круг - падрабязнасці ў рубрыцы "Матчбол".
Расказвае Станіслаў Ліпскі: Пачнём з футбола: дзеючы чэмпіён - БАТЭ - вяртаецца на першае месца турнірнай табліцы. У суботу барысаўчане перамаглі "Тарпеда-БелАЗ", а вось брэсцкае "Дынама" напярэдадні прайграла сталічнаму 1:2. У цэнтральным паядынку 15-га тура дубль Дзмітрыя Біланога прынёс вікторыю мінчанам. Адзначым, тры дакладныя стрэлы мы убачылі з 80-й па 85-ю хвіліну, гэта паражэнне стала першым для брэстчан у сезоне. БАТЭ ўпэўнена 4:1 перамог жодзінскае "Тарпеда" - заваяваўшы свой трыццаць сёмы бал - і, такім чынам, завяршыў першы круг чэмпіянату на першым месцы.
А ў мінулую сераду барысаўчане стартавалі ў новым сезоне Лігі чэмпіёнаў – у першым раўндзе кваліфікацыі. На хатнім стадыёне дружына Аляксея Багі прымала лепшую каманду Польшчы "Пяст" і згуляла ўнічыю 1:1. Матч у адказ пройдзе 17 ліпеня. У чацвер у першым раўндзе Лігі Еўропы стартавалі тры беларускія клубы: аднак только адзін з іх здолеў перамагчы. "Шахцёр" у Салігорску мацнейшы за "Хіберніянс" з Мальты 1:0. Дакладны стрэл у актыве Валерыя Грамыкі. "Віцебск" 0:2 саступіў у Фінляндыі "Купсу", мінскае "Дынама" згуляла ўнічыю 1:1 з "Ліепаяй" у гасцях.
Пяць узнагарод заваявалі беларусы на сусветнай летняй універсіядзе, якая праходзіла ў Неапалі. Крысціна Ціманоўская стала лепшай у бегу на дыстанцыі 200 метраў. Выдатна выступілі беларусы і на маладзёжным чэмпіянаце Еўропы па лёгкай атлетыцы. Спаборніцтвы прымаў шведскі горад Эўле. Два залатыя медалі ў актыве Эльвіры Герман у бегу на дыстанцыі 100 метраў з бар'ерамі і ў прыгуна ў вышыню - Максіма Недасекава. Серабро ў кіданні молота ў Анастасіі Масловай, два бронзавыя медалі нашай краіне прынеслі Віялета Скварцова і Аляксей Каткавец. У агульным медальным заліку Беларусь на восьмым месцы.
На гэтым тыднi сочым за футболам. Вас чакаюць матчы ў адказ у Лізе чэмпіёнаў і Лізе Еўропы. У суботу ў кваліфікацыі да чэмпіяната свету: зборная Беларусі па пляжным футболе згуляе супраць Турцыі. Паралельна цікавімся падзеямі чэмпіянату свету па водных відах спорту. Усё гэта, зразумела, на тэлеканалах Белтэлерадыёкампаніі… Любіце спорт і мы абавязкова яшчэ ўбачымся.