Перамога сталічнага "Дынама" ў апошнім матчы над "Металлургам" з Новакузнецка не атрымалася вельмі ўпэўненай: аднак перамога "зуброў" па булітах дазволіла мінчанам увайсці ў зону плэй-оф КХЛ. Тым часам баскетбалісты сталічных "Цмокаў" з першага месца выходзяць у наступны раўнд Еўракубка, а аматары біятлона святкуюць старт сезона. Рубрыка "Матчбол".
Шостае месца Надзеі Скардзіна – лепшы вынік беларускіх біятланістаў на першым этапе Кубка свету, які праходзіў у Швецыі. Без Дар'і Домрачавай перамог чакаць будзем доўга. Верым у лепшае, тым больш пэўны прагрэс ёсць.
Тычыцца гэта ў першую чаргу мужчынскай каманды. Так, у суботу Раман Ялётнаў увайшоў у топ-16 лепшых біятланістаў планеты, беларус стаў пятнаццатым. Нагадаем, добрым атрымалася выступленне і змяшанай эстафеты – наш квартэт у фінішным пратаколе размясціўся на сёмым месцы. Трэнерскі штаб зборнай яшчэ перад стартам сезона падкрэсліваў: гэтай зімой каманда пачынае новы цыкл падрыхтоўкі да Алімпіяды 2018 года, таму п'едэсталы калі і будуць, то толькі на чэмпіянаце свету ў сакавіку.
Хакеісты сталічнага "Дынама" працягваюць выдаваць валідольна-карвалольныя матчы ў сваім выкананні: упусцілі перамогу над "Сібір'ю" і амаль не здарылася тое ж самае ў паядынку супраць "Металурга" з Новакузнецка.
Нагадаем, у матчы супраць "Сібіры" беларускага настаўніка Андрэя Скабелкі мінчане толькі ў трэцім перыядзе лік зраўнялі, потым выйшлі наперад, аднак за 9 секунд да сірэны госці парытэт аднавілі, а ў дадатковы час увогуле здолелі перамагчы.
У гульні супраць "Металурга" ўжо ў другім перыядзе бела-блакітныя перамагалі 4:1, а потым здарылася неверагоднае: апошняя каманда Усходу лік зраўнавала – перавяла паядынак у авертайм і толькі ў серыі булітаў прайграла. "Дынама" зараз восьмая каманда на Захадзе.
Баскетбалісты сталічных "Цмокаў" атрымалі першую дамашнюю перамогу ў Лізе ВТБ: у суботу мінчане разграмілі грузінскую ВІТУ 94:74. А дагэтуль каманда з першага месца ў групе выйшла у наступны раўнд Еўрапейскага кубка ФІБА, дзе сапернікамі "Цмокаў" стануць "Варэзэ" (Італія), АЕК (Грэцыя) і "Гюсінг" (Аўстрыя). Першая гульня адбудзецца 16 снежня.
На гэтым тыдні апошнія матчы ў еўракубках згуляюць футбалісты сталічнага "Дынама" і барысаўскага БАТЭ. У аўторак увага Лізе чэмпіёнаў, у чацвер - Лізе Еўропы. Хакейнае "Дынама" ў КХЛ выступленне прадоўжыць матчам супраць "Поўначсталі" ў пятніцу, у гэты ж дзень стартуе другі этап Кубка свету па біятлоне.
Усё гэта на тэлеканалах Белтэлерадыёкампаніі. Любіце спорт!