Рубрыка "Матчбол"

29 июня 2015

Вынікі выступлення жаночай зборнай Беларусі на Еўрабаскеце, лепшыя моманты Еўрапейскіх гульняў у Баку, навіны футбольнага першынства Беларусі і нашыя тэнісісткі на брытанскім турніры Уімблдон.

Апошнія дні выдаліся насычанымі для беларускага спорту – вынікі ў рубрыцы "Матчбол". На працягу амаль трох тыдняў мы сачылі за выступленнем беларускіх спартсменаў на першых Еўрапейскіх гульнях у Баку. Вынікі, безумоўна, выдатныя. Таму сёння ў "Матчболе" ўспамінаем лепшыя моманты і медалі, якія заваявалі прадстаўнікі зборнай Беларусі.

Цяжка нават успомніць усе лепшыя моманты і расказаць, як выступалі беларусы на Еўрапейскіх гульнях. Нельга не адзначыць, напрыклад, зборную Беларусі па веславанні на байдарках і каноэ, дзе выдатна выступілі і браты Багдановічы, і Марына Літвінчук.

Адразу чатыры медалі ўзяла беларуская прыгажуня Меліціна Станюта ў мастацкай гімнастыцы, гімн Беларусі не раз чулі ў Баку.

Беларусы на Еўрапейскіх гульнях узялі 43 медалі, з якіх 10 - залатыя.

Ужо на гэтым тыдні беларускія клубы ўступаюць у барацьбу за еўракубкі. У мінулым выпуску мы звярнулі ўвагу на жодзінскае "Тарпеда", а зараз знаходзімся ў Салігорску. Некалькі дзён назад "Шахцёр" застаўся без трэнера.

У такіх выпадках, калі ў футболе сыходзіць трэнер пасля не самай выдатнай серыі, у камандзе змяняецца настрой і яна дабіваецца перамогі. Вось менавіта ў матчы "Шахцёра" і "Нафтана" атрымалася так. Цікава, што вось гэты вырашальны удар абаронца Павел Рыбак нанёс на трэцяй дабаўленай хвіліне да матча.

Калі б не гол, то героем сустрэчы, безумоўна, можна было б лічыць варатара "Нафтана" Ягора Хаткевіча.

Але ж сапраўдным героем стаў аўтар гола Павел Рыбак.

Такім чынам, з перамогі пачынае свой трэнерскі шлях Сяргей Нікіфарэшка. Эпоха на чале "Шахцёра" Сяргея Бароўскага ўжо гісторыя.

Напярэдадні завяршыўся жаночы чэмпіянат Еўропы па баскетболе, выступленне на якім нашых дзяўчат можна ацаніць па-рознаму. Але галоўную задачу, як адзначыў трэнер зборнай Анатоль Буяльскі, каманда выканала. Беларускі прымуць удзел у алімпійскай кваліфікацыі.

Але выніковае месца на турніры пакідае аматараў баскетбола з некаторай недаказанасцю. Беларускі сталі чацвёртымі, уступілі ў паўфінале будучым чэмпіёнкам - Сербіі, а ў матчы за бронзу – Іспаніі.

Увага беларускіх аматараў спорту ў найбліжэйшы час будзе накіравана на тэнісныя корты Вялікабрытаніі, дзе пачнецца асноўная сетка турніру Уімблдон. Хварэць нам будзе за каго - у першым раўндзе жаночага разраду выступяць адначасова тры беларускія тэнісісткі – Аляксандра Сасновіч, Вольга Гаварцова і Вікторыя Азаранка. Сачыце за трансляцыямі на тэлеканале "Беларусь 5".