Рубрыка Матчбол

29 сентября 2014

У Турцыі распачаўся чэмпіянат свету па баскетболе. Наша жаночая каманда заўсёды нацэлена на высокі вынік. І галоўныя спаборніцтвы планеты - не выключэнне. У першых двух матчах беларускі дасягнулі перамог.


Неверагодная канцоўка матча Беларусь-Куба зноў пацвярджае факт, што ў жаночай зборнай Беларусі па баскетболе з характарам усё добра.


Два матчы - дзве перамогі. Вынік на старце чэмпіянату свету па баскетболе адразу дае нам падставы на станоўчае выступленне беларусак на турніры. Нагадаем, што лепшы і адзіны вынік беларусак на чэмпіянаце свету - 4 месца.


Найбольш інтрыгуючым на турніры для Беларусі атрымаўся другі матч. Яго канцоўка неверагодна непрадказальная. За тры хвіліны да завяршэння сустрэчы наша каманда саступала тры ачкі. За хвіліну - пяць балаў. Што адбываецца далей? Надзея Дрозд кладзе трохачковы, а Кацярына Сныціна такім жа кідком выводзіць беларусак наперад. 70-69. Усё, лік да канца матча ўжо не зменіцца.


Заўтра ў саперніцах зборнай Беларусі - каманда Аўстраліі.


На мінулым тыдні даў аб сабе ведаць і клубны баскетбол. Клуб Цмокі-Мінск правёў прэзентацыю. Перад намі паўстаў абноўлены састаў мужчынскай каманды. І, канечне, з новымі мэтамі.


Першае - каманда Цмокі-Мінск будзе давяраць беларускім баскетбалістам.


Другое. Чэмпіянат баскетбалісты Цмокаў павінны выйграць безальтэрнатыўна. У клубе нацэлены і на высокае выступленне ў Еўрачэленджы - фінал чатырох. Што тычыцца моцнай Адзінай лігі ВТБ, то тут паспрабуюць, падкрэсліваем, паспрабуюць, выйсці ў плэй-оф. Але ж у той жа час і ацэньваюць непрадузята і сваю моц.


У Еўрачэленджы баскетбалісты Цмокаў стартуюць 5 лістапада, у Адзінай лізе ВТБ - 11 кастрычніка.


У футбольным першынстве пасля сустрэчы паміж сабой, мінскае Дынама і БАТЭ страцілі ачкі ў мінулы ўік-энд. Барысаўчане з Нафтанам згулялі ўнічыю, 2-2. А Дынама з лікам 1-1 завяршыла сустрэчу у Жодзіне з Тарпеда. БАТЭ пасля 25 тура вышэй за Дынама на тры балы.


На гэтым тыдні БАТЭ і мінскае Дынама згуляюць другія матчы ў еўратурнірах. Вядома, што лягчэй крытыкаваць, асабліва пасля няўдач. Але іншых каманд у нас няма, таму верым у адданасць нашых хлопцаў на футбольным полі.