Рубрыка "Матчбол"

28 ноября 2016

Неверагодна, але факт: Вікторыя Азаранка, нягледзячы на паўзу ў кар'еры, працягвае заставацца 13-й ракеткай свету згодна з новай версіяй міжнароднага рэйтынгу, якая выйшла сёння. А вось яшчэ адна наша чэмпіёнка Дар'я Домрачава плануе ўжо ў студзені вярнуцца ў вялікі спорт. Падрабязней у рубрыцы "Матчбол".

Расказвае Станіслаў Ліпскі.

Сталічнае хакейнае "Дынама" пасля крызісу зноў перамагае: чацвертую вікторыю запар "зубры" здабылі ў Ніжнім Ноўгарадзе. Не пакінулі шанцаў мясцоваму "Тарпеда" 4:1. У табліцы Захаду мінчане пятыя.

Паслядоўна беларусы перамагаюць "Віцязь", "Слован", "Ёкерыт", рыжскае "Дынама" і "Тарпеда" - сумарна 16 шайбаў закінулі бела-блакітныя, прапусцілі - 5. Усяго на бал цяпер дружына Крэйга Вудкрафта адстае ад чацвёртага - "Лакаматыва". З такой статыстыкай зараз з упэўненасцю можна сцвярджаць: паўночнаамерыканскі спецыяліст застанецца галоўным трэнерам "Дынама". Іншае пытанне, што дзявятая каманда Захаду - маскоўскае "Дынама" - адстае ўсяго на 6 балаў ад Мінска, гэта вельмі мала, каб пакуль разлічваць на плей-оф. Наступны паядынак “зубры” правядуць заўтра на "Мінск-Арэне" супраць "Трактара" з Чалябінска.

26-ы чэмпіянат краіны па футболе ў Вышэйшай лізе завяршыўся: БАТЭ зноў пераможца, сярэбраныя медалі ў салігорскага "Шахцёра", бронза - у сталічнага "Дынама", а вось чацвёртымі сталі ўсё ж “гараджане” з футбольнага клуба "Мінск".

У апошнім туры тры каманды вырашалі свой лёс на наступны сезон: "Граніт", "Белшына" і "Нафтан". Перамога апошніх гарантавала клубу з Наваполацка прапіску ў эліце незалежна ад выніку матча паміж аўтсайдарамі. Так і адбылося: "Нафтан" 1:0 апынуўся мацнейшым за "Нёман".

А ў Бабруйску мясцовая "Белшына" і "Граніт" згулялі ўнічыю 1:1. Гэтыя дзве каманды пераходзяць у Першую лігу, а на іх месца прыйшлі магілёўскі "Днепр" і "Гомель".

Біятлонны сезон афіцыйна стартаваў! Першы этап Кубка свету традыцыйна прымае шведскі Эстэрсунд. У суперміксце мы дзясятыя, няўдала для беларусаў прайшла змяшаная эстафета: Надзея Скардзіна, Ірына Крыўко, Уладзімір Чапелін і Юрый Лядаў толькі чатырнаццатыя, лепшыя тут нарвежцы на чале з Б’ёрндаленам. Дарэчы, Дар’я Домрачава пасля гутаркі са старшым трэнерам зборнай Беларусі Фёдарам Свабодай плануе вярнуцца ў вялікі спорт ужо ў студзені. Алімпійская чэмпіёнка даволі хутка набірае форму, і калі не адбудзецца форс-мажораў, можам убачыць Домрачаву на этапе Кубка свету адразу пасля Новага года. Будзем чакаць….

На гэтым тыдні шмат падзей: па-першае, сочым за біятлонам, стартавы этап Кубка свету працягнецца ў Швецыі; па-другое, падтрымліваем сталічнае "Дынама" ў КХЛ; па-трэцяе, заклікаю ўсіх аматараў гандбола запоўніць трыбуны сталічнага спарткомплекса "Уручча". У пятніцу, суботу і нядзелю жаночая зборная Беларусі прыме фінальны этап кваліфікацыі да чэмпіянату свету, уваход вольны. А калі не атрымаецца, то ўсё гэта вас чакае на тэлеканалах Белтэлерадыёкампаніі. Любіце спорт, і мы абавязкова яшчэ ўбачымся.